Папа Францішак нагадаў,
што ні ў кім іншым няма збаўлення, апроч Езуса. Пантыфік узначаліў 5 красавіка св.
Імшу ў капліцы Дому св. Марты. Падчас гаміліі ён узгадаў эпізод са свайго жыцця ў
Буэнас-Айрэсе, дзе ў мясцовай архідыяцэзіяльнай курыі працаваў на працягу 30 гадоў
адзін просты чалавек, бацька 8 дзяцей. Закончыўшы працу, гэты мужчына заўсёды казаў
слова “Езус!”. Аднойчы будучы Папа пацікавіўся, чаму ён робіць гэта. “Калі кажу: Езус
– адчуваю сябе моцным, магу працаваць, адчуваю, што Ён побач са мной, што клапоціцца
пра мяне”, - адказаў гэты “просты чалавек, які не вывучаў тэалогіі, меў толькі ласку
хросту і моц Святога Духа”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што свет пакладае надзею
на шматлікіх “збаўцаў”, але яго збавіць толькі імя Езуса. Святы Айцец звярнуў увагу,
што многія, для вырашэння сваіх праблем, звяртаюцца да магаў і варажбітак. Але збаўляе
толькі Езус, і хрысціяне павінны “даваць гэтаму сваё сведчанне! Ён – адзіны Збаўца!”,
- падкрэсліў Папа.