2013-04-05 12:22:18

Папа ажыццявіў змены ў Каталіцкім Касцёле Літвы


RealAudioMP3 Святы Айцец 5 красавіка прыняў адстаўку кардынала Аўдрыса Бачкіса з пасады арцыбіскупа Вільнюсскага ў сувязі з дасягненнем іерархам пенсійнага ўзросту. Яго наступнікам папа Францішак прызначыў біскупа Гінтараса Грушаса, пераводзячы яго з пасады Вайсковага ардынарыя для Літвы. Новы Пастыр Вільнюсскай архідыяцэзіі нарадзіўся ў 1961 г. у Вашынгтоне ў сям’і літоўскіх эмігрантаў. Скончыў факультэт матэматыкі і інфарматыкі ў Лос-Анджэлесе і да 1989 г. працаваў у якасці тэхнічнага кансультанта ў адной з бізнэс-кампаній. Адчуў пакліканне і пажадаў стаць святаром на Радзіме. Быў скіраваны для навучання ў Рым. У 1994 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і быў прызначаны генеральным сакратаром літоўскага епіскапату. У 2001 г. абараніў дактарат па Кананічным праве ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага. У 2010 г. атрымаў біскупскую сакру і быў прызначаны Вайсковым ардынарыем.

Кардынал Бачкіс з’яўляўся арцыбіскупам Вільнюсскім з 24 снежня 1991 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.