2013-04-04 15:50:17

Ватыканскі іерарх пра міжканфесійныя і міжрэлігійныя сужэнствы


RealAudioMP3 Сакратар Папскай рады па справах сям’і, арцыбіскуп Жан Лафіт выказаўся на тэму міжканфесійных і міжрэлігійных сужэнстваў, колькасць якіх павялічваецца з кожным годам не толькі ў Азіі і Афрыцы, але і Еўропе, і таму патрабуе ўважлівага душпастырскага клопату. Паводле ватыканскага іерарха, змешаныя сужэнствы, якія заключаюцца паміж двума хрысціянамі, напрыклад, паміж католікам і праваслаўным або пратэстантам, не ўяўляюць асаблівых праблем. Тым не менш, гэта можа мець наступствы для актыўнага ўдзелу ў рэлігійным жыцці аднаго з сужонкаў і прывесці да эвалюцыі сужэнства і сямейнага жыцця ў цэлым, - звярнуў увагу сакратар Папскай рады і дадаў, што сужэнства ў Каталіцкім Касцёле, гэта не толькі саюз паміж мужчынам і жанчынай, але і сакрамэнт. Таму, на думку іерарха, не трэба баналізаваць змешаных сужэнстваў і адносіцца да іх уважліва захоўваючы касцёльныя прадпісанні.

Больш пытанняў нараджаюць міжрэлігійныя сужэнствы, распаўсюджаныя на Блізкім Усходзе і ў некаторых азіяцкіх краінах. У такіх выпадках сужонка-каталічка павінна пазнаёміць сужонка-нехрысціяніна са сваімі абавязацельствамі па захаванні і вызнаванні каталіцкай веры і выхаванні дзяцей у ёй. У мусульманска-хрысціянскіх сужэнствах менавіта тут з самага пачатку нараджаецца праблема, бо ісламская традыцыя патрабуе, каб мусульманскія дзеці выхоўваліся ў рэлігіі бацькі-мусульманіна. А ў краінах, дзе ўведзена ісламскае права, сужэнства паміж хрысціянамі і мусульманамі нават забаронена, звярнуў увагу арцыбіскуп і дадаў, што існуе і станоўчы вопыт у краінах, дзе суіснаванне двух рэлігій было доўгім, як у Ліване.

Нагодай для выказвання ватыканскага іерарха стала публікацыя даследавання азагалоўленага “Змешаныя сужэнствы ў Ліване. Рэальнасць і праблемы”.







All the contents on this site are copyrighted ©.