2013-04-01 12:45:53

Папа перад “Regina caeli”: без ласкі мы не можам нічога (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Штодзённы абавязак хрысціян заключаецца ў тым, каб адлюстроўваць жыццём сакрамэнты, якія атрымалі. На гэта звярнуў увагу папа Францішак перад малітвай “Regina caeli” 1 красавіка на плошчы св. Пятра ў Рыме. Як і падчас папярэдніх сустрэч з Пантыфікам, перад акном Апостальскага палацу сабраліся тысячы людзей. Паколькі пасхальныя дні ў Італіі з’яўляюцца выходнымі, многія прыйшлі на сустрэчу са Святым Айцом цэлымі сем’ямі. У сваім кароткім разважанні Пантыфік звярнуў увагу на тое, што перамога Хрыста над злом і смерцю павінна знайсці сваю рэалізацыю ў штодзённым жыцці кожнага верніка, але таксама і ў гістарычнай і грамадскай рэальнасці. Таму ласка, атрыманая чалавекам падчас прыняцця сакрамэнтаў, павінна прыносіць плён на ўзроўні яго паводзінаў, жэстаў і жыццёвых выбараў. “Дарагія браты і сёстры, добрай Пасхі ўсім вам! - павіншаваў вернікаў Папа - Дзякую за тое, што таксама і сёння вас прыйшло так шмат, каб раздзяліць радасць Пасхі – галоўнай таямніцы нашай веры. Няхай сіла ўваскрасення Хрыста дасягне ўсіх людзей, асабліва тых, хто пакутуе, а таксама ўсіх сітуацый, у якіх найбольш патрэбныя давер і надзея.

Хрыстус перамог зло цалкам і канчаткова, але таксама ад нас, ад людзей нашага часу, патрабуецца прыняцця гэтай перамогі да нашага жыцця і да канкрэтнай гістарычнай і грамадскай рэальнасці. Таму мне падаецца важным падкрэсліць тое, аб чым сёння просім Пана ў літургіі: “Ойча, дазволь узрастаць Твайму Касцёлу, заўсёды даючы яму новых членаў, дазволь тваім вернікам рэалізаваць у жыцці сакрамэнт, які атрымалі ў веры” (Калекта на Панядзелак у актаве Пасхі).

Так, хрост, які робіць нас дзецьмі Божымі, Эўхарыстыя, якая яднае з Хрыстом, павінны стаць жыццём, павінны выражацца ў захаванні, паводзінах, жэстах, выбарах. Ласка, якая ўтрымліваецца ў пасхальных сакрамэнтах – гэта патэнцыял велізарнага абнаўлення для асабістага жыцця, для жыцця сем’яў, грамадскіх адносін. Але ўсё праходзіць праз сэрца чалавека: калі я дазволю, каб мяне дасягнула ласка Хрыста Уваскрослага, калі дазволю перамяніць мае негатыўная бакі, якія могуць чыніць шкоду мне і іншым, тады я дазволю перамозе Хрыста ўмацавацца ў маім жыцці, пашырыць яе дабратворную дзейнасць. У гэтым сіла ласкі! Без яе мы не можам нічога. А з ласкай хросту і эўхарыстычнай Камуніі можам стаць прыладамі Божай міласэрнасці.

Адлюстроўваць у жыцці сакрамэнты, якія атрымалі: вось у чым, дарагія браты і сёстры, наш штодзённы абавязак, але я б таксама сказаў, што і наша штодзённая радасць! Радасць адчування сябе прыладамі ласкі Хрыста, нібыта галінкамі вінаграднай лазы, якой з’яўляецца Ён сам, напоўненымі сокам яго Духа! Памолімся разам у імя Пана памерлага і уваскрослага, і праз заступніцтва Найсвяцейшай Марыі, каб пасхальная таямніца магла дзейнічаць глыбока ў нас і нашым часе, каб нянавісць саступіла месца любові, крывадушнасць праўдзе, помста прабачэнню, сум радасці”, - сказа Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў усіх пілігрымаў, якія прыбылі з розных кантынентаў, каб прыняць удзел у гэтай малітоўнай сустрэчы. “Кожнаму з вас жадаю спакойна перажыць гэты Панядзелак Анёла , у які з сілай гучыць радасны вокліч: Хрыстус уваскрос! Добрай Пасхі ўсім!”, - развітаўся з сабранымі на плошчы св. Пятра папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.