2013-03-31 12:21:29

Папа падчас “Urbi et Orbi”: Мір гэтай нашай зямлі! (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Пасха – гэта зыход, пераход чалавека ад рабства граху і зла да свабоды любові і дабра”, – з такімі словамі папа Францішак звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра 31 сакавіка. Пасля заканчэння ўрачыстай Велікоднай св. Імшы Святы Айцец з’явіўся на балконе цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра, каб скіраваць сваё першае велікоднае пасланне і ўдзяліць благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і свету). Папа звярнуў увагу на перамяняючую моц Божай любові, якая можа ўчыніць, каб у чалавеку заквітнела “пустыня” недахопу любові да Бога і бліжняга. Ён заклікаў маліцца аб міры ў шматлікіх “гарачых кропках” планеты і месцах, дзе пануюць эгаізм і прагавітасць. “Дарагія браты і сёстры з Рыма і ўсяго свету, добрай Пасхі! - павіншаваў вернікаў Папа. - З якой вялікай радасцю, я перадаю вам гэта пасланне: Хрыстус уваскрос! Я б хацеў, каб яно дасягнула кожнага дома, кожнай сям’і, асабліва той, дзе найбольш пакутаў, кожнай бальніцы і турмы...

Перш за ўсё, я б хацеў, каб яно дасягнула ўсіх сэрцаў, таму што ў іх Бог хоча пасеяць гэту Добрую Навіну: Хрыстус уваскрос! У цябе ёсць надзея, грэх і зло больш не пануюць над табой! Любоў перамагла, перамагла міласэрнасць!

Таксама і мы, як жанчыны, вучаніцы Езуса, якія пайшлі да магілы і знайшлі яе пустой, можам спытаць: у чым сэнс гэтай падзеі (пар Лк 24,4)? Што значыць Хрыстус уваскрос? Гэта азначае, што любоў Бога мацнейшая за зло і саму смерць; азначае, што любоў Бога можа перамяніць наша жыццё, можа ўчыніць так, каб заквітнелі часткі нашага сэрца, дзе пануе пустыня.

Гэта менавіта тая любоў, дзеля якой Сын Божы стаў чалавекам і да канца пайшоў шляхам пакоры і дару самаго сябе, аж да адхлані, да бездані адчужэння ад Бога, гэта тая міласэрная любоў распрамяніла святлом мёртвае цела Езуса і перамяніла Яго, учыніла так, каб яно перайшло да вечнага жыцця. Езус не вярнуўся да былога жыцця, да жыцця зямнога, але ўвайшоў у хвалебнае жыццё Бога разам з нашым чалавецвам, адкрыў нас на будучыню надзеі.

Вось што значыць Пасха: гэта зыход, пераход чалавека ад рабства граху і зла да свабоды любові і дабра. Таму што Бог – гэта жыццё, выключна жыццё, а яго хвала – гэта жывы чалавек (пар. Ireneo, Adversus haereses, 4,20,5-7).

Дарагія браты і сёстры, Хрыстус памёр і ўваскрос адзін раз і назаўсёды за ўсіх, але сіла ўваскрасення, гэтага пераходу ад рабства зла да свабоды дабра, павінна здзяйсняцца ва ўсе часы, у канкрэтных месцах нашага існавання, нашага штодзённага жыцця. Колькі пустыняў, таксама і сёння, чалавек павінен перайсці! Перш за ўсё пустыню, якая ёсць унутры яго самаго, калі мае замала любові да Бога і бліжняга, калі слаба ўсведамляе, што з’яўляецца абаронцам усяго, што Стварыцель яму падарыў і дорыць. Але міласэрнасць Божая можа ўчыніць так, каб заквітнела самая высушаная зямля, можа вярнуць жыццё высахлым касцям (пар. Ез 37,1-14).

Вось заклік, які я кірую да вас: прымем ласку ўваскрасення Хрыста! Дазволім Божай міласэрнасці абнавіць нас, дазволім Езусу любіць нас, дазволім, каб моц Яго любові перамяніла наша жыццё; і станем прыладамі гэтай міласэрнасці, каналамі, праз якія Бог зможа напоўніць зямлю вадой, бараніць усё стварэнне і учыніць, каб заквітнелі справядлівасць і мір.

Папросім Уваскрослага Хрыста, каб перамяніў смерць у жыццё, замяніў нянавісць любоўю, помсту прабачэннем, вайну мірам. Так, Хрыстус – гэта наш мір і праз Яго просім аб міры для ўсяго свету.

Папросім аб міры на Блізкім Усходзе, асабліва паміж ізраільцянамі і палестынцамі, якія праз цяжкасці шукаюць шляхі да згоды, каб адважна і з адкрытасцю вялі перамовы з мэтай заканчэння канфлікту, што трывае ўжо доўгі час. Папросім аб міры ў Іраку, каб канчаткова спынілася насілле; і перш за ўсё ва ўлюбёнай Сірыі, для яе насельніцтва, параненага канфліктам, і шматлікіх бежанцаў, які чакаюць дапамогі і суцяшэння. Колькі крыві было праліта! Колькі пакутаў трэба яшчэ перанесці, перш чым атрымаецца знайсці палітычнае вырашэнне крызісу?

Папросім аб міры для Афрыкі, якая яшчэ працягвае быць тэатрам крывавых канфліктаў. Папросім аб адзінстве і стабільнасці для Малі і Нігерыі, дзе, нажаль, не спыняюцца замахі, якія цяжка пагражаюць жыццю многіх нявінных, і дзе нямала людзей, таксама і дзяцей, утрымліваюцца групамі тэрарыстаў у закладніках. Папросім аб міры для ўсходу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, дзе многія вымушаны пакідаць уласныя дамы і яшчэ жывуць у страху.

Папросім аб міры ў Азіі, асабліва на карэйскім паўвостраве, каб былі пераможаны падзелы і сталеў адноўлены дух прымірэння.

Папросім аб міры для ўсяго свету ўсё яшчэ моцна падзеленага прагнасцю тых, хто шукае лёгкага прыбытку, параненага эгаізмам, што пагражае чалавечаму жыццю і сям’і, эгаізму, які дапускае гандаль людзьмі, пашырэнне рабства ў ХХІ ст. Папросім аб міры для ўсяго свету, раздзёртага насіллем, звязаным з гандлем наркотыкамі і непаважлівым выкарыстаннем прыродных рэсурсаў! Міра гэтай нашай зямлі! Няхай Уваскрослы Езус прынясе суцяшэнне тым, хто стаў ахвярай прыродных катаклізмаў, і зробіць нас адказнымі абаронцамі стварэння.

Дарагія браты і сёстры, да ўсіх вас, якія слухаеце мяне ў Рыме і ва ўсіх іншых частках свету, кірую заклік псальма: “Дзякуйце Пану, бо Ён добры, бо Яго любоў навекі. Кажа Ізраіль: “Яго любоў навекі” (Пс 117,1-2)”.

Пасля паслання не было звычайнага віншавання з Вялікаднем на розных мовах. Францішак з’явіўся на балконе ватыканскай базылікі без комжы, пелерыны і стулы, якія выкарыстоўвалі яго папярэднікі ў такіх выпадках. Святы Айцец быў убраны ў звычайную белую сутану і толькі на само благаслаўленне адзеў чырвоную стулу, што стала чарговым новаўвядзеннем падчас цяперашняга пантыфікату. На заканчэнне з вуснаў Францішка прагучала ўжо ў другі раз за апошнія тыдні (упершыню гэта адбылося адразу пасля яго абрання) благаслаўленне “Urbi et Orbi”.








All the contents on this site are copyrighted ©.