2013-03-30 12:04:12

Папа Францішак удзеліць хрост верніку з Расіі


RealAudioMP3 30 сакавіка падчас св. Імшы Пасхальнай вігіліі чатыры асобы атрымаюць з рук Святога Айца сакрамэнт хросту. Сярод іх 30-гадовыя расіянін і албанец, 23-гадовы італьянец, і 17-гадовы амерыканец в’етнамскага паходжання. Пра гэта распавёў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Акрамя таго, падчас літургіі Пасхальнай вігіліі неафіты атрымаюць сакрамэнт канфірмацыі і ўпершыню прыступяць да св. Камуніі. Кіраўнік Залы Друку падзяліўся, што гэта літургія ў ватыканскай базыліцы будзе карацейшай, чым звычайна. Гэта адбудзецца за кошт скарачэння колькасці чытанняў са Старога Запавету. У папярэднія гады агульная працягласць гэтай “адной з самых насычаных і прыгожых хрысціянскіх літургій” складала каля 3 гадзін, паінфармаваў святар. Кс. Ламбардзі адзначыў, што Пасхальная вігілія з’яўляецца самай галоўнай літургічнай цэлебрацыяй на працягу года. У Ватыкане яна пачнецца 30 сакавіка ў 20.30 па рымскім часе, як звычайна, працэсіяй з запаленым пасхалам па базыліцы св. Пятра, якая паступова будзе напаўняцца святлом. “Нажаль, заўсёды шмат святла ўтвараюць тыя, хто робіць фотаздымкі і якія яшчэ не зразумелі, што не павінны гэтага рабіць, прынамсі раз у год”, - адзначыў кс. Ламбардзі.

Кіраўнік Залы Друку нагадаў, што Велікодная св. Імша, пачнецца на галоўнай ватыканскай плошчы раніцай 31 сакавіка ў 10.15. “Звычайна яна доўжыцца паўтары гадзіны, і, такім чынам, пасля яе заканчэння Папа мае час для таго, каб падняцца на лоджыю базылікі св. Пятра і ў 12.00 удзяліць благаслаўленне “Urbi et Orbi”, - адзначыў ён і дадаў, што падчас Велікоднай св. Імшы Папа звычайна не прамаўляе гамілію, а звяртаецца да вернікаў перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”. Адной з асаблівасцяў гэтай св. Імшы, у адрозненні ад папярэдніх гадоў, будзе спеў Евангелля выключна па-лацінску; сёлета яно не будзе гучаць па-грэцку. Паводле кс. Ламбардзі, прычынай такога рашэнне стала не супадзенне ў гэтым годзе дат святкавання Пасхі па грыгарыянскім і юліянскім календарах.








All the contents on this site are copyrighted ©.