2013-03-30 12:54:38

Папа падчас Крыжовага шляху: хрысціяне павінны адказваць на зло дабром


RealAudioMP3 Каля 100 тыс. чалавек прынялі ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі вечарам 29 сакавіка. Пераслед хрысціян, пакуты бедных, насілле ў дачыненні да жанчын, нявінныя ахвяры і “шматлікія Пілаты”, якія “трымаюць у руках рычагі ўлады і карыстаюцца імі для служэння самым моцным” – сталі тэмай разважанняў, падрыхтаваных групай моладзі з Лівана. Як і ў папярэднія гады Пантыфік маліўся ў спецыяльным намёце на Палацінскім пагорку, насупраць старажытнага цырка, абмытага крывёю вызнаўцаў Езуса яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства, як гаворыць традыцыя.

“Крыж Езуса – гэта слова, якім Бог адказаў на зло свету. Часам здаецца, што Ён не адказвае на зло, што застаецца ў маўчанні. Але на самой справе Бог прамаўляў, адказаў, і Яго адказам з’яўляецца Крыж Хрыста: Слова, якое з’яўляецца любоўю, міласэрнасцю, прабачэннем”, - сказаў Папа. Паводле Святога Айца, “слова Крыжа – гэта таксама адказ хрысціян на зло, якое працягвае дзейнічаць у нас і вакол нас”. “Хрысціяне павінны адказваць на зло дабром, беручы на сябе крыж, як гэта зрабіў Езус”, - сказаў папа Францішак.

Гэта было першае набажэнства Крыжовага шляху ў Калізеі, якое ўзначаліў новаабраны Пантыфік. Традыцыя правядзення набажэнства сягае сваімі каранямі ў юбілейны 1750 год, калі Бэнэдыкт XІV абвясціў рымскі амфітэатр месцам асаблівага ўшанавання пакутаў Хрыста і ахвяры хрысціянскіх мучанікаў. Традыцыя правядзення Крыжовага шляху ў гэтым месцы перарвалася ў 1870 г. у сувязі з захопам Рыма італьянскімі войскамі і аднавілася ў 1964 г. па ініцыятыве папы Паўла VI.








All the contents on this site are copyrighted ©.