2013-03-27 13:12:40

У Нядзелю Міласэрнасці адбудзецца інгрэс Папы на рымскую кафедру


RealAudioMP3 27 сакавіка стала вядома, што ўрачыстая Эўхарыстыя, прысвечаная інгрэсу папы Францішка на рымскую кафедру адбудзецца ў нядзелю 7 красавіка ў базыліцы св. Яна на Латэране, якая з’яўляецца катэдрай Біскупа Рыма. Быў агучаны таксама час пачатку ўрачыстасці – набажэнства распачнецца ў 17.30. Чакаецца, што ў цырымоніі прымуць удзел тысячы жыхароў Вечнага горада, кардыналы, біскупы і святары. Пантыфіка прывітае кардынал Агасціна Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі і арцыпрэсбітэр базылікі.

Катэдра св. Яна на Латэране мае статус так званай папскай базылікі, паколькі фармальна знаходзіцца ў падпарадкаванні Пантыфіка, які прызначае сюды кардынала-арцыпрэсбітэра. Базыліка св. Яна на Латэране з’яўляецца катэдрай Папы як Біскупа Рыма, а паколькі ён з’яўляецца таксама кіраўніком Паўсюднага Касцёла, яе называюць “Катэдрай Рыма і ўсяго свету”, а таксама “Маці і галавой усіх касцёлаў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.