2013-03-27 11:19:14

Першая агульная аўдыенцыя папы Францішка


RealAudioMP3 27 сакавіка адбылася першая агульная аўдыенцыя з папам Францішкам. Яна прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Вітаючы сабраных Пантыфік адзначыў, што “пераймае эстафету” у свайго “улюбёнага папярэдніка” і пасля Пасхі працягне цыкл катэхез прысвечаных Году веры, які пачаў Бэнэдыкт XVI. “Сёння я б хацеў паразважаць над Вялікім Тыднем”, - сказаў Францішак і падкрэсліў, што гэты перыяд з’яўляецца “цэнтрам усяго літургічнага года, калі мы суправаджаем Езуса ў яго Муцы, Смерці і Уваскрасенні”. “Але што для нас азначае перажыванне Вялікага Тыдня? Што значыць наследаваць Езуса ў Яго шляху на Кальварыю, да Крыжа і Уваскрасення?”, - спытаўся Святы Айцец. Ён адзначыў, што на працягу Вялікага Тыдня мы перажываем кульмінацыю “плану любові, які прасякае ўсю гісторыю адносін паміж Богам і чалавецтвам”. “Сын Божы дорыць сябе нам, перадае ў нашы рукі сваё Цела і Кроў, каб быць заўсёды з намі, жыць сярод нас. У Аліўным садзе, як і падчас працэсу перад Пілатам, ён не супраціўляўся, але дарыў сябе”, - сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Езус перажываў любоў, якая вяла да ахвяры, не пасіўна ці ў якасці “фатальнага лёсу”. “Канешне, ён не хаваў свайго глыбокага чалавечага хвалявання перад абліччам гвалтоўнай смерці, але цалкам давяраў Айцу”, - адзначыў Францішак.

“Што значыць усё гэта для нас? Значыць, што гэта мой, твой, наш шлях. Пражыць Вялікі Тыдзень наследуючы Езуса не толькі ў сардэчных эмоцыях, азначае выйсці за рамкі самаго сябе (...) ісці насустрач іншым, у накірунку перыфірый існавання, першымі звярнуцца да нашых братоў і сясцёр, асабліва самых далёкіх, забытых, маючых патрэбу ў разуменні, суцяшэнні, дапамозе. Існуе вялікая патрэба ў жывой прысутнасці Езуса міласэрнага і багатага любоўю”, - сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак падкрэсліў, што жыць Святы Тыднем, азначае “усё больш уваходзіць у логіку Бога, логіку Крыжа, якая ў першую чаргу не з’яўляецца логікай болю і смерці, але любові і дару самаго сябе, што прыносіць жыццё”.

“Уваход у логіку Евангелля, наследаванне, суправаджэнне Хрыста, прабыванне з Ім, патрабуе “выйсця” з нашага асяроддзя, са стомленага і прывычнага перажывання веры, спакусаў закрытасці ва ўласных схемах, што прыводзяць да закрыцця гарызонту творчай дзейнасці Бога. Таксама і мы, калі хочам наследаваць Яго і заставацца з Ім, не павінны задавальняцца прабываннем за агароджай разам з 99 авечкамі, але “выйсці”, шукаць разам з Ім згубленую авечку, самую далёкую”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што перад абліччам такога задання “хтосьці можа сказаць: “не маю часу”, “павінен шмат чаго зрабіць”, “гэта складана”, “што я магу зрабіць маючы так мала сіл?”. “Часта мы задавальняемся якойсьці малітвай, не пастаяннай і няўважлівай прысутнасцю на нядзельнай св. Імшы, якімсьці жэстам міласэрнасці, але не маем адвагі “выйсці”, каб несці Хрыста”, - сказаў Папа. Ён нагадаў аб прыкладзе св. Пятра, які пачуўшы ад Хрыста пра муку, смерць і ўваскрасенне, дар з самаго сябе і любоў да ўсіх, пачаў адгаворваць Збаўцу. “Тое, што казаў Езус нішчыла яго планы, здавалася непрымальным, ставіла пад пагрозу бяспеку, якую ён збудаваў, яго ідэю аб Месіі. Тады Езус паглядзеў на вучняў і скіраваў да Пятра адно з самых жорсткіх слоў у Евангеллях: “Адыйдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае”, - нагадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што Вялікі Тыдзень, гэта час ласкі, якую Пан дае нам, каб адкрыць дзверы нашага сэрца, нашага жыцця, нашых парафій, рухаў, асацыяцый і “выйсці” насустрач іншым, стаць блізкімі для іх і несці святло і радасць нашай веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.