2013-03-25 10:46:59

Кардынал Кох: папа Францішак хоча паглыблення экуменічнага дыялогу


RealAudioMP3 “Я ўпэўнены, што для папы Францішка экуменічны дыялог – вельмі важны”, - сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Па словах іерарха, Пантыфік засведчыў гэта выразна падчас сваёй першай сустрэчы з прадстаўнікамі канфесій і рэлігій, якая адбылася на наступны дзень пасля яго інаўгурацыі. Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі лічыць, што Святы Айцец прыкладзе ўсе намаганні для пошуку і дасягнення бачнага адзінства паміж хрысціянамі.

Швейцарскі пурпурат адзначыў, што таксама новы кіраўнік Англіканскай Царквы Джасцін Уэлбі выказаў сваё жаданне сустрэцца з папам Францішкам. “Мы будзем старацца так запланаваць гэты візіт, каб ён прынёс станоўчыя плёны і паспрыяў экуменічнаму дыялогу”, - адзначыў іерарх. Гаворачы аб гістрычнай прысутнасці Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І на інаўгурацыйнай св. Імшы папы Францішка, кардынал адзначыў, што гэта вялікі плён экуменічнай працы, якая да гэтага часу вялася паміж католікамі і праваслаўнымі. Іерарх нагадаў таксама, што абмен дэлегацыямі з нагоды патранальных святаў унёс вялікі ўклад у паглыбленне гэтых адносін. Акрамя таго, кардынала Кох лічыць, што сумесны візіт папы Францішка і Барталамея І у Іерусалім у 2014 г. быў бы добрым знакам адвагі і экуменічным імпульсам.

Гаворачы аб адносінах з Рускай Праваслаўнай Царквой, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству адзначыў, што яны палепшыліся, хоць застаюцца нявырашанымі яшчэ некаторыя пытанні. Ён таксама падкрэсліў “невялікую колькасць сігналаў” з боку Масквы аб гатоўнасці да сустрэчы паміж Патрыярхам і Папам. Але ў гэтай сітуацыі, на думку кардынала Коха, важна паглыбленне ўзаемных адносін і экуменічнага дыялогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.