2013-03-25 12:17:25

Амерыканскі іерарх: у Францішку прастата і пакора спалучаны з інтэлектам і мужнасцю


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Джозэф Чапут лічыць, што абранне папы Францішка з’яўляецца сведчаннем універсальнасці і паўсюднасці Касцёла. “Новы Папа з’яўляецца ясным доказам гэтага, паколькі прыбыў літаральна з другога боку планеты”, - сказаў амерыканскі іерарх. “Магчыма, Пан кажа нам, што “летняе” хрысціянства, якое мы знаходзім сёння ў паўночным паўшар’і планеты ўжо не дастаткова моцнае, каб справіцца з праблемамі, якія стаяць перад Касцёлам”, - дадаў ён. “Пасрэднасць у веры не годная Сына Божага і нават нашага ўласнага лёсу, як хрысціян”, - лічыць іерарх.

Арцыбіскуп Чапут перакананы, што ў новым Пантыфіку прастата і пакора спалучаны з інтэлектам і мужнасцю, і “таму з’яўляюцца вельмі эфектыўным лекам для душы”. “Я перакананы, што гэты Папа з’яўляецца правільным лекам, у якім мы маем патрэбу як Касцёл”, - сказаў іерарх і дадаў, што “выбар гэтага выдатнага чалавека з’яўляецца доказам таго, што Бог існуе і дзейнічае праз свой Касцёл і яго кіраўнікоў”.


Гаворачы пра выбар імені новым Пантыфікам, арцыбіскуп звярнуў увагу на рысу св. Францішка, галоўную на яго думку, якую не заўважылі каментатары і эксперты ватыканскага жыцця, адданасць Бедняка з Асізі братам. І Папа ўжо прадэманстраваў гэта.

Іерарх выказаўся і адносна абвінавачванняў у бок Святога Айца ў кансерватызме. “Катэгорыі, такія як: лібералы і кансерватары, уводзяць у зман, калі гаворка ідзе аб каталіцкай веры”, - звярнуў увагу ён. “Не можна аддзяліць любові да бедных ад любові да ненароджанага дзіцяці. Абарона прыгнечаных і абяздоленых, абарона сям’і, сужэнства і цяжарнасці, усё гэта знаходзіцца ў полі каталіцкага імкнення да абароны чалавечай годнасці. Не існуе нічога прагрэсіўнага ў забойстве ненараджаных”, - падкрэсліў іерарх. “Бог дасць Папе сілы, якіх ён патрабуе. Гэта ўсё, што нам трэба ведаць”, - заключыў арцыбіскуп Філадэльфіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.