2013-03-23 13:20:19

Турэмны капелан: папе Францішку вядомы кантэкст і праблемы турмаў


RealAudioMP3 Наведанне папам Францішкам рымскай калоніі для непаўналетніх “Casal del Marmo” у Вялікі Чацвер 28 сакавіка мае вялікае значэнне, бо дэманструе жаданне Касцёла служыць усім людзям, у тым ліку і тым, хто апынуўшыся ў турме намагаецца верыць у Бога, лічыць генеральны інспектар капеланаў італьянскіх турмаў кс. Вірджыліа Балдукі. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё святар адзначыў, што паступак Папы – гэта не проста сведчанне прыязнасці, “але жэст, які паказвае, што Святы Айцец клапоціцца аб справядлівасці не толькі ў гэтай краіне, але і ва ўсім свеце”. Паводле капелана, клапаціцца пра справядлівасць, значыць паглядзець у аблічча тых, хто жыве ў вялікіх цяжкасцях, асабліва ў турмах. “Я думаю, што папе Францішку вядомы кантэкст і праблемы турмаў, нават больш складаныя, чым існуюць у нас”, - лічыць святар. Па яго словах, рымская калонія для непаўналетніх “Casal del Marmo” у апошні перыяд перажывала вялікія праблемы і Пантыфіку давядзецца сустрэцца з маладымі людзьмі ў складанай сітуацыі. Таму, паводле капелана, Святы Айцец сваім візітам хоча сказаць непаўналетнім: “Касцёл з вамі, і хоча святкаваць з вамі, тымі, хто будуе Касцёл у гэтым месцы”.

Кс. Балдукі ўзгадаў словы папы Францішка, які падчас інаўгурацыйнай св. Імшы сказаў, што сапраўдная ўлада – гэта служэнне, таму Наступнік св. Пятра павінен прыняць з любоў’ю і пяшчотай тых, хто галодны, мае смагу, пазбаўлены адзення, хворы або знаходзіцца ў турме.








All the contents on this site are copyrighted ©.