2013-03-23 10:58:45

Аліўкавыя дрэвы на плошчу св. Пятра прыбылі з італьянскай Апуліі


RealAudioMP3 Аліўкавыя дрэвы і кветкі эсэнцыі, якія будуць упрыгожваць плошчу св. Пятра ў Пальмовую нядзелю, прыбылі сёлета з Апуліі. Трынаццаты год запар гэта італьянская правінцыя дапамагае ў аздабленні літургіі ў Ватыкане. У спецыяльным паведамленні ўладаў рэгіёну выказваецца радасць, што папа Францішак правядзе адну з першых сваіх літургій гледзячы на расліны, якія нагадваюць асаблівасці ландшафту Апуліі, “рэгіёну, дзе гасціннасць мае старажытныя карані” і складае неад’емную частку мясцовай культуры. Аліўкавае дрэва з’яўляецца сімвалам агульначалавечых каштоўнасцяў і міра, падкрэсліваецца ў паведамленні.

У канцэпцыю сёлетняй дэкарацыі на плошчы св. Пятра лягла ідэя адзінства пяці кантынентаў, што выражаюць пяць розных адценняў зямлі вырошчвання алівак. Іерархам, святарам і вернікам будзе раздана больш за 200 тыс. аліўкавых галін. Фларысты ў сваіх кампазіцыях выкарысталі, апрача алівы, 60 тыс. сцяблін розных іншых раслін: персіка, чабора, мірты, папараці, фіялкі. 15 аліўкавых дрэў падчас літургіі Пальмовай нядзелі будуць знаходзіцца пад статуямі святых Пятра і Паўла, а затым будуць перададзены ў дар Ватыканскім садам.

Апулія славіцца сваімі аліўкавымі плантацыямі, на якіх вырошчваецца каля 60 млн. дрэў, што прыносяць у год 1,3 млн. цэнтнераў аліўкавага алею.







All the contents on this site are copyrighted ©.