2013-03-22 11:17:51

Удзельнік канклаву: кардыналы жадалі ўдыхнуць свежае паветра ў Касцёл


RealAudioMP3 Кардынал Крыстаф Шонборн, удзельнік канклава, перакананы, што Францішак правядзе змены, якія даўно наспелі ў Рымскай курыі. Ён зробіць гэта з усёй шчырасцю і паслядоўнасцю, характэрнымі для яго. Бэнэдыкт XVI часткова распачаў гэты шлях, адзначыў арцыбіскуп Вены. Паводле яго, неабходна перш за ўсё рэфармаваць структуры ў бок больш гарызантальнай камунікацыі. Гэта таксама падкрэслівалі кардыналы падчас сустрэч перад канклавам. Падчас іх быў высунуты таксама шэраг прапаноў адносна паляпшэння сувязі з мясцовымі Касцёламі. Напрыклад, шляхам правядзення рэгулярных сустрэч старшынь біскупскіх канферэнцый з Папам. “Патрэбна больш калегіяльнасці і сінадальнасці”, - адзначыў аўстрыйскі іерарх.

Кардынал падкрэсліў, што жаданне рэформы выказваюць самі супрацоўнікі Рымскай курыі. Многія кампетэнтныя працаўнікі скардзяцца на дрэнную рэпутацыю Курыі і самі ведаюць канкрэтныя недахопы. Той факт, што сярод пурпуратаў, якія ўдзельнічалі ў канклаве і абралі кардынала Берголіа, быў цэлы шэраг кіраўнікоў ватыканскіх дыкастэрый, сведчыць аб тым, што рэформа будзе паспяховай, адзначыў арцыбіскуп Вены.

Як адзначыў кардынал Шонборн, кардыналы ў сваім выбары імкнуліся пагляглядзець за межы Еўропы. Сярод многіх адчувалася жаданне “удыхнуць свежае паветра ў Касцёл”. Тое, што гэта павінен зрабіць 76-гадовы пурпурат, стала для многіх сюрпрызам, але Францішак вядомы сваёй добрай сувяззю з моладдзю і беднымі, палітычнай трываласцю і выразнай пазіцыяй у сацыяльна-палітычных пытаннях, адзначыў кардынал Шонборн.

Францішак, несумненна, дасць новы імпульс для самамаразумення папства, адзначыў іерарх. Ён прадставіў сябе з самага пачатку як Біскуп Рыма. Гэта тэалагічна самая цвёрдая база для разумення служэння Папы.

Кардынала ўразілі сустрэчы Святога Айца з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх Цэркваў. Гэта пацвердзіла, што папа Францішак глыбока закарэнены ў экуменізме. Выбар новага Пантыфіка з’яўляецца не толькі значнай падзеяй для хрысціян, адзначыў аўстрыйскі кардынал, аб чым сведчыць рэакцыя прадстаўнікоў іншых рэлігій, агностыкаў і няверуючых.

Новы Папа характарызуецца сваёй блізкасцю да народа, прастатой у ладзе жыцця і глыбокай духоўнасцю, адзначыў кардынал Шонборн і падкрэсліў, што менавіта гэтыя рысы паспрыяюць яго паспяховаму служэнню на Пасадзе св. Пятра.







All the contents on this site are copyrighted ©.