2013-03-22 13:35:22

Папа цэлебраваў св. Імшу для ватыканскіх садоўнікаў і тэхнічнага персаналу


RealAudioMP3 Раніцай 22 сакавіка папа Францішак цэлебраваў св. Імшу для людзей “менш заўважных” у Ватыкане – садоўнікаў і тых, хто даглядае за чысцінёй на плошчах і вуліцах горада-дзяржавы. Яна прайшла ў цёплай, сямейнай атмасферы ў капліцы Дома св. Марты, дзе Пантыфік пражывае, пакуль адбываецца ўпарадкаванне яго апартаментаў у Апостальскім палацы. Кіраўнік ватыканскай садовай службы Лучана Чэкецці распавёў, што навіну пра магчымасць удзелу ў прыватнай св. Імшы з Пантыфікам яго калегі ўспрынялі з вялікім здзіўленнем. “Многія з іх ніколі ў жыцці не прысутнічалі на прыватнай св. Імшы з Папам”, - сказаў ён.

“Гэта была цудоўная і поўная эмоцый раніца. Прыватная св. Імша са Святым Айцом – такое не здараецца штодзённа! Я бачыў, што ўсе мае супрацоўнікі выходзілі са светлымі вачыма. Літургія была вельмі простай. Мы перажылі прамы кантакт з Папам. Пасля св. Імшы, кожны з яе ўдзельнікаў быў асабіста прадстаўлены Пантыфіку. Папа абмовіўся з імі некалькімі словамі і я чуў, што ён прасіў кожнага аб малітве за яго”, - падзяліўся ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кіраўнік ватыканскай садовай службы.

Лучана Чэкецці таксама адзначыў, што садоўнікі запрасілі Святога Айца здейсніць супольную прагулку па Ватыканскіх садах і Папа адзначыў, што падумае над гэтай прапановай.








All the contents on this site are copyrighted ©.