2013-03-22 15:35:19

Зняволеныя дзіцячай калоніі ўражаны навінай аб візіце Папы


RealAudioMP3 Вялікае здзіўленне зняволеных рымскай калоніі для непаўналетніх “Casal del Marmo” і супрацоўнікаў установы выклікала навіна аб тым, што ў Вялікі Чацвер іх наведае папа Францішак. Менавіта тут Святы Айцец узначаліць св. Імшу Вячэры Пана, падчас якой, абмые ногі дванаццаці зняволеным. Капелан калоніі “Casal del Marmo” а. Гаэтана Грэка у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё расказаў, што для маладых людзей, гэта стане “вялікім уражаннем, якое пазначыць іх жыццё і прынясе ў яго станоўчы знак”. Святар выказаў упэўненасць, што візіт Папы будзе звязаны з “вялікай надзеяй і радасцю”; ён стане стымулам ісці наперад, абвяшчаючы Евангелле ў складаных месцах.

На тэрыторыі калоніі для непаўналетніх, якую наведае Папа, знаходзяцца тры палацы: у двух з іх утрымліваюцца хлопцы, а ў трэццім дзяўчыны. Тут яны маюць магчымасць хадзіць у школу і атрымаць прафесійныя навыкі, звязаныя з апрацоўкай дрэва, вырабам мэблі, шыццём вопраткі ці прыгатаваннем піцы.

Калонію “Casal del Marmo” наведвалі таксама Бэнэдыкта XVI у 2007 г. і бл. Ян Павел ІІ у 1980 г. у суправаджэнні свайго тагачаснага Дзяржсакратара кардынала Казаролі. Апошні, асаблівым чынам клапаціўся пра маладых зняволеных калоніі, меў з імі добрыя адносіны і быў сярод іх вядомы проста як айцец Аўгустына.








All the contents on this site are copyrighted ©.