2013-03-21 11:16:25

Інаўгурацыя Папы: вялікі рэзананс у сусветных СМІ


RealAudioMP3 Ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano” звяртае ўвагу на вялікі рэзананс, які атрымалі ў міжнародным друку словы папы Францішка, сказаныя падчас інаўгурацыйнай св. Імшы 19 сакавіка. “Першы каталіцкі Папа, які паходзіць з Новага свету фармальна пачаў свой Пантыфікат з моцнага закліку да палітыкаў, святароў і людзей, якія маюць уладу, каб баранілі слабых і бедных”, - прыводзіць словы Святога Айца амерыканская “The Wall Street Journal”. Італьянская “La Reppublica” падкрэслівае, што гамілія Папы была натхнёная літургічнымі чытаннямі на ўрачыстасць св. Юзафа, а не на пачатак пятровага служэння новага Біскупа Рыма. У ёй Пантыфік адзначыў, што Касцёл, па прыкладу святога, працягвае быць абаронцам і ідзе да цэнтра хрысціянскага паклікання – да Хрыста. “Будзем бараніць Хрыста ў нашым жыцці, каб бараніць іншых, каб бараніць стварэнне!”, - цытуе выданне словы Святога Айца.

Ватыканская газета прыводзіць словы польскай законніцы Малгажаты Хмялеўскай, якая ў інтэрв’ю агенцтву “KAI” выказала думку, што Францішак, які паходзіць з краіны, дзе існуе прорва паміж беднымі і багатымі, стане па-сапраўднаму “сумленнем чалавецтва” і будзе нагадваць аб адказнасці кожнага за пабудову больш справядлівага свету.

Іспанская “La Razon” звяртае ўвагу на важнасць інстытуту папства для гісторыі Еўропы, а таксама падкрэслівае каштоўны ўклад іспанскіх місіянераў, якія распаўсюджвалі Евангелле ў тым ліку і ў Аргентыне. “Папства – гэта стоўп, на якім паўстала заходняя цывілізацыя і адначасова бастыён, патрэбны Еўропе для таго, каб бараніцца не толькі ад паралізуючай банальнасці (...), але і ад наступлення новых форм неталерантнасці”, - адзначае выданне. Гісторыя Іспаніі “дае шмат прыкладаў плённай місійнай дзенасці” і таму “невыпадкова, іспанская мова з’яўляецца самай распаўсюджанай у Касцёле: 42% яго членаў моляцца на мове св. Тэрэзы”, - адзначае газета, намякаючы на паходжанне новага Папы з іспанамоўнай краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.