2013-03-20 13:50:56

Папа Францішак: Касцёл усведамляе важнасць сяброўства паміж рознымі рэлігіямі


RealAudioMP3 20 сакавіка папа Францішак сустрэўся з дэлегатамі хрысціянскіх Цэркваў і прадстаўнікамі іншых рэлігій і веравызнанняў, якія прыбылі ў Ватыкан на яго інаўгурацыю. Сустрэча прайшла ў Клементыйскай зале Апостальскага палаца. “Перш за ўсё, сардэчна дзякую майму брату Андрэю”, - сказаў Папа, звяртаючыся да Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І, падкрэліўшы, што іерарх з’ўляецца наступнікам брата св. Пятра – апостала Андрэя. Францішак нагадаў, што пачынае сваё апостальскае служэнне ў год, які яго “шаноўны папярэднік Бэнэдыкт XVI” вырашыў асаблівым чынам прысвяціць веры, “прапануючы свайго роду пілігрымку да таго, што для кожнага хрысціяніна з’яўляецца самым істотным: асабістых і перамяняючых адносін з Езусам Хрыстом”. Пантыфік адзначыў, што Год веры супадае з 50-годдзем ІІ Ватыканскага Сабора, “скарб якога ўсцяж каштоўны для людзей нашага часу” і нагадаў, што, адкрываючы Сабор, папа Ян ХХІІІ падкрэсліваў важнасць імкнення да “вялікай таямніцы адзінства, аб якім Езус Хрыстус горача прасіў Айца Нябеснага напярэдадні сваёй мукі”.

Папа заклікаў упоўні жыць дарам атрыманай веры і даваць свабоднае, радаснае і мужнае сведчанне аб ёй. “Гэта будзе нашым найлепшым служэннем на карысць адзінства паміж хрысціянамі, служэннем надзеі для свету, які ўсё яшчэ пазначаны падзеламі, кантрастамі і суперніцтвам. Чым больш мы будзем вернымі Яго волі ў думках, словах і справах, тым больш будзем па сапраўднаму рухацца ў кірунку адзінства”, - адзначыў Святы Айцец.

“Са свайго боку” папа Францішак запэўніў прадстаўнікоў канфесій і рэлігій, што ўслед за сваімі папярэднікамі будзе працягваць шлях экуменічнага дыялогу і папрасіў прысутных аб малітве, “каб мог быць пастырам паводле сэрца Хрыстовага”.

Святы Айцец звярнуўся да прадстаўнікоў яўрэйскай супольнасці і падкрэсліў, што “Каталіцкі Касцёл прызнае, што карані яго веры і яго абранасць, знаходзяцца ўжо, паводле Божай таямніцы збаўлення, у Патрыярхах, Майсеі, прароках”. Вітаючы прадстаўнікоў іншых рэлігій, асаблівую ўвагу Папа звярнуў на мусульман, якія таксама “вызнаюць адзінага, жывога і міласэрнага Бога”. “Каталіцкі Касцёл усведамляе важнасць спрыяння сяброўству і павазе паміж мужчынамі і жанчынамі розных рэлігійных традыцый”, – паўтарыў двойчы Святы Айцец. “Ён таксама ўсведамляе адказнасць, якую мы ўсе нясём за наш свет, за ўсё стварэнне, якое павінны любіць і бараніць. І мы можам зрабіць шмат для дабра тых, хто бедны, слабы і пакутуе, для спрыяння справядлівасці, прымірэнню і будаванню міра”, - сказаў папа Францішак.

Ён вылучыў галоўны прыярытэт для прадстаўнікоў рэлігій: “Перш за ўсё, мы павінны заўсёды падтрымліваць жывой прагу абсалюта ў свеце, не дазваляючы, каб дамінаваў аднабаковы погляд на чалавечую асобу, паводле якога, чалавек вымяраецца тым, што вырабляе і тым, што спажывае: гэта адна з самых небяспечных пастак нашага часу”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Перад сустрэчай у Клементыйскай зале адбыліся тры прыватныя аудыенцыі, на якіх Святы Айцец прыняў Прэзідэнта Бразіліі Дзілму Русэф, Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І і кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата Мітрапаліта Іларыёна.







All the contents on this site are copyrighted ©.