2013-03-19 09:29:34

Кардыналы паабяцалі паслухмянасць Папе


RealAudioMP3 Шэсць пурпуратаў ад імя ўсёй Калегіі кардыналаў публічна паабяцалі паслухмянасць новаабранаму Пантыфіку. Гэта адбылося непасрэдна перад пачаткам інаўгурацыйнай св. Імшы на плошчы св. Пятра. Кардыналаў-біскупаў прадстаўлялі кардынал Джавані Батыста Рэ, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў на пенсіі і кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ. Ад імя кардыналаў-прэсбітэраў папе Францішку паабяцалі паслухмянасць нямецкі кардынал Ёахім Майснэр, арцыбіскуп Кёльна, і філіпінскі кардынал Рыкарда Відаль, арцыбіскуп Сэбу на пенсіі. Самую вялікую групу пурпуратаў – кардыналаў-дыяканаў – падчас абяцання паслухмянасці прадставілі кардынал Рэната Рафаэле Марціна, старшыня Папскіх радаў “Iustitia et Pax” і пастырства эмігрантаў і падарожнікаў на пенсіі, а таксама кардынал Франчэска Маркізана, арцыпрэсбітэр Ватыканскай базылікі на пенсіі і старшыня Бюро працы Святога Пасаду на пенсіі.

Трэба нагадаць, што Бэнэдыкт ХVI перад сваім сыходам зацвердзіў некаторыя змены ў “Ordo rituum pro ministerii Petrini initio Romae Episcopi”, - рытуале, які змяшчае парадак цэлебрацый на пачатак служэння новаабраных Пантыфікаў. Паводле іх, падчас інаўгурацыі новага Біскупа Рыма ўсе тыповыя для гэтых абрадаў жэсты, такія як: уручэнне папскага палія і Пярсцёнка Рыбака, абяцанне паслухмянасці кардыналамі, здзяйсняюцца па-за самой цэлебрацыяй св. Імшы.







All the contents on this site are copyrighted ©.