2013-03-19 16:15:00

Арцыбіскуп Кандрусевіч: за 7 дзён Папа ўвайшоў у гісторыю і стаў нам блізкім


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прымаў удзел у інаўгурацыйнай св. Імшы папы Францішка на плошчы св. Пятра 19 сакавіка. Адразу пасля гэтага іерарх падзяліўся сваімі ўражаннямі ад падзеі, а таксама выказаў меркаванні і чаканні адносна новага пантыфікату. Мітрапаліт Кандрусевіч неаднаразова сустракаў кардынала Берголіа на разнастайных мерапрыемствах, размаўляў з ім і абменьваўся думкамі. Іерарх лічыць, што візіт папы Францішка ў Беларусь прынёс бы шмат для рэлігійнага і грамадскага жыцця краіны.

Эксцэленцыя, якія ўражанні ў вас засталіся ад сённяшняй падзеі?

Я не першую інаўгурацыю перажываю, аднак, асабіста прысутнічаю на плошчы св. Пятра ўпершыню. Дзякуй Богу, што сёння ў мяне атрымалася быць у Рыме, быць на плошчы св. Пятра. Яшчэ ўчора, пасля таго, як я прыехаў у Вечны горад, адправіўся на галоўную ватыканскую плошчу і ўбачыў, што ходзіць маса людзей, натоўпы людзей з рознымі флагамі, было чуваць розныя мовы. Рым – гэта не толькі італьянскі горад. Тут не толькі рымляне жывуць. На плошчы св. Пятра – увесь свет. Тут можна спаткаць усіх. Адчувалася, што людзі жывуць чаканнем вялікай падзеі. На плошчы і на вуліцы каля яе было ўстаноўлена шмат тэлекамер. Учора я пачуў, што каля 6 тыс. журналістаў з розных краін свету прыбыло сюды на інаўгурацыю. Сёння даехаць да Ватыкану было амаль немагчыма. Я ехаў каля 2,5 гадзін з “Русікума”, але праехаў толькі каля 500 м, далей прыйшлося ісці пешшу, бо ўсе вуліцы былі перакрыты, а жыву я не так блізка.

Быў бачны добры настрой – усе ішлі ў адным напрамку. На інаўгурацыі было вельмі шмат кардыналаў, думаю, больш за 150 чалавек, больш за 400 біскупаў. Уся плошча св. Пятра і большая частка Via Conciliazione былі заняты людзьмі. Усяго каля 200 тыс. напэўна было.

Мы маем новага Папу толькі каля 7 дзён, а ён ужо ўпісаўся ў нашу гісторыю і стаў блізкім міліёнам католікаў і не толькі ім дзякуючы сваёй прастаце, а таксама сваімі вельмі простымі, але адначасова глыбокімі і кранаючымі сэрца чалавека словамі. Гэта ўражвае, прыемна ўражвае, і прыцягвае чалавека. Гэта было сёння асабліва бачна на плошчы св. Пятра.

Мне здаецца, мы пераходзім да новага тыпу служэння Біскупа Рыма, новага тыпу служэння Папы, які моцна прыняў у сэрца словы Езуса Хрыста: “Я не прыйшоў, каб мне служылі, але служыць іншым”. Ужо мінулы тыдзень паказаў гэта. Будучы у касцёле св. Ганны на тэрыторыі Ватыкана, ён вёў сябе як пробашч. Мне нават прыйшла такая думка: сапраўды ён пастрыр, пробашч, парафія якога налічвае 1,2 млрд. чалавек.

Мы бачылі шмат дэлегацый: каля 30 прэзідэнтаў, усяго каля 130 афіцыйных дэлегацый з розных краін, сярод якіх дэлегацыя з Беларусі.

Яшчэ адна рэч, вельмі важная, адкрыецца, калі мы паглядзём, на якіх мовах праводзіліся чытанні, а таксама малітва вернікаў: па-першае, яны не дубліраваліся па-італьянску, а па-другое, былі ўзяты мовы заходнія, еўрапейскія, але таксама арабская, кітайская і руская, якая дарэчы прагучала першай у малітве вернікаў.

Мне ўсе задаюць пытанне, ці новы Папа, які паходзіць з Аргентыны, будзе звяртаць увагу на нашыя краіны – былы Савецкі Саюз, Беларусь і іншыя. Мне здаецца што факт прачытання малітвы вернікаў на рускай мове, а яшчэ і першай па ліку, паказвае, што краіны былога СССР, а таксама іншыя краіны свету ўвойдуць у сферу дзейнасці і думкі новага Папы.

Папу Францішка ўжо назвалі “Пантыфікам, які здзіўляе”. Чым ён вас здзівіў?

Падчас сённяшняй св. Імшы не было нічога такога спектакулярнага. Была проста малітва, і гэта важна. Я думаю, што многіх здзіўляе тое, што ён гаворыць простыя рэчы, але вельмі патрэбныя для ўсіх нас.

Трэба таксама нагадаць, што было шмат прадстаўнікоў розных веравызнанняў, не толькі хрысціянскіх. Таксама быў Мітрапаліт Іларыён з Масквы, з якім я меў магчымасць сёння спаткацца. Ён павіншаваў з тым, што мы маем новага Папу. Затым мы закранулі тэму канферэнцыі да 1700-годдзя Міланскага эдыкту, якая адбудзецца 5-6 красавіка, пасля каталіцкай Пасхі ў Мінску, і на якой Мітрапаліт Іларыён будзе таксама прысутнічаць.

Вы неаднаразова падкрэслівалі на працягу апошніх дзён у некалькіх інтэрв’ю, што асабіста ведаеце Папу. Вы ведалі яго як арцыбіскупа Буэнас-Айрэса паколькі святар з яго архідыяцэзіі працаваў у дыяцэзіі Маці Божай у Маскве. Калі вы з ім сустракаліся, вы адчувалі, што гэта выключны чалавек, што гэта чалавек з папскай будучыняй?

Размаўляючы тады цяжка было падумаць, што гэта будучы Пантыфік. Ён заўсёды вёў сябе вельмі проста, ніколі не стараўся быць вышэй цябе, цікавіўся сітуацыяй Касцёла на Усходзе, калі канкрэтна, то больш у Расіі. Цікавіўся сітуацыяй Касцёла ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе яго святар працаваў. Ён моцна дапамагаў гэтаму святару. Гэта быў біскуп, які не пакінуў свайго святара – выехаў і круціся там, як хочаш. Так не было. Сёння ўсё гэта ўспамінаецца і нагадвае аб тым, што ў яго сэрцы ёсць клопат пра іншы Касцёл таксама. Гэта, мне здаецца, ужо бачна па сённяшняй св. Імшы, яго выказванням. Усё гэта перакладаецца на Паўсюдны Касцёл і за гэта трэба дзякаваць Богу.

Вы, чалавек, які ведае СМІ, сцісла з імі ўзаемадзейнічае. На Вашу думку, чаму медыя-прагнозы адносна асобы новага Папы не спраўдзіліся, чаму СМІ ў сваіх прагнозах пацярпелі фіяска?

Магчыма, тут дзейнічае чалавечы інтарэс без духоўнай складаючай. І, магчыма, журналісты не глядзелі на кандыдатаў праз прызму духоўнасці настолькі моцна, як трэба было гэта рабіць.

Перад новым Папам стаяць новыя-старыя выклікі. Як вы думаеце, з яго тэмпераментам, з яго падыходам да рэчыіснасці Касцёла, да папскага служэння, на што ён перш за ўсё зверне ўвагу?

Безумоўна, праблем шмат у Касцёле, але яго галоўная задача сёння – гэта новая евангелізацыя. Мяне радуе тое, што Папа прыйшоў з Лацінскай Амерыкі, бо найбольш у свеце новая евангелізацыя развітая і існуюць новыя ідэі для евангелізацыі менавіта на гэтым кантыненце. Біскупы адтуль лепш за ўсіх ведаюць, якія пагрозы існуюць у сучасным свеце адносна абвяшчэння Евангелля. Напэўна, Касцёл патрабуе сёння і ўнутранай адновы, каб ён не быў такі бюракратычны, “цяжкі”. Трэба, каб ён быў больш адкрыты да людзей. Напэўна сёння стаяць выклікі захавання жыцця, сям’і, пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама ўнутраныя праблемы Касцёла, якіх не мала сёння, і аб якіх гаварылі і Бэнэдыкт XVI, і Ян Павел ІІ.

Што даў бы візіт Папы ў Беларусь?

Вельмі шмат даў бы. Перш за ўсё, задавальненне вернікам, якія яго так даўно чакаюць. Колькі людзей гэты візіт, а я веру, што ён калісьці адбудзецца, будуць сузіраць ужо з неба, але гэта таксама іх заслуга: гэта і мучанікі, і тыя, хто цярпеў за веру, хто адбудоўваў касцёлы.

Візіт стаў бы добрым стымулам для ўмацавання нашай веры. Ён дапамог бы пашырыць і развіваць адносіны з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, з іншымі хрысціянскімі і нехрысціянскімі супольнасцямі. Ужо даўно прайшоў час, калі мы раскідвалі камяні, сёння іх трэба збіраць, сёння трэба разам адказваць на выклікі часу. У канцы канцоў, Зямля, на якой мы жывём – гэта наш супольны дом, і трэба аб гэтым памятаць, хоць мы можам мець розныя меркаванні і думкі.

Такі візіт стаў бы вялікай “прамоцыяй” нашай краіны. Беларусь часта называюць мастом паміж Захадам і Усходам, і мост на лацінскай мове, гэта “pons”. А мы маем новага Пантыфіка (рэд. ад лац. Pontifex аднакарэннае з pons). Каб гэты мост быў сапраўды моцным, каб ён сапраўды яднаў Усход з Захадам, ён павінен быць мастом веры, мастом надзеі, мастом любові. І гэта даў бы нам Папа.

Размаўляў кс. А. Амяльчэня








All the contents on this site are copyrighted ©.