2013-03-18 16:13:39

Сястра Пантыфіка: яго клопат аб ахвярах дыктатуры пацверджаны


RealAudioMP3 Родная сястра Папы Францішка, Марыя Берголья падзялілася некаторымі разважаннямі аб момантах з жыцця свайго брата. У інтэрв’ю італьянскай “La Stampa”, яна расказала, што іх сям’я была вымушана пакінуць Італію ў часы фашысцкай дыктатуры. “Я памятаю, што мой айцец заўсёды паўтараў, што прыход фашыстаў прымусіў яго ўехаць”, - сказала яна. Гаворачы пра абвінавачванні ў адрас Хорхе Берголья, якія тычацца нібыта лаяльнасці да аргентынскай хунты, сястра Пантыфіка адзначыла: “Гэта б азначала здрадзіць таму, чаму нас вучыў айцец сваім складаным жыццёвым выбарам”. Марыя Берголья выказала меркаванне, што абвінавачванні былі прыдуманы левымі сіламі. “Гэта як цвікі, якія з’яўляюцца часткай шляху, і Бог іх вырве”, - сказала яна.

Сястра Папы падкрэсліла, што ў часы дыктатуры ён дапамагаў тым, хто цярпеў ад пераследу. “Гэта былі цёмныя часы і была неабходна разважлівасць, але яго клопат аб ахвярах пацверджаны”, - адзначыла яна.

Марыя Берголья таксама падзялілася, што адгукнулася на заклік Святога Айца да суайчыннікаў – не прыязджаць на яго інаўгурацыйную св. Імшу ў Рым, а грошы прызначаныя на падарожжа ў Вечны горад выкарыстаць на карысць бедных. “Мой брат папрасіў мяне сэканоміць грошы і выкарыстаць іх на справы дабрачыннасці. Зраблю як ён кажа”, - падзялілася Марыя Берголья.








All the contents on this site are copyrighted ©.