СМІ пра абранне Папы Францішка: гэта Касцёл, які заўсёды ўмеў здзіўляць
Выбар Папы Францішка
на Пасад св. Пятра выклікаў вялікі сусветны рэзананс. Яго фотаздымкі размясцілі на
першых палосах самыя буйныя газетныя выданні ў свеце. Таксама і пасля двух дзён пантыфіката,
цікаваць да асобы новаабранага Пантыфіка не знікае, а наадварот умацоўваецца дзякуючы
незвычайным, простым і зразумелым жэстам Святога Айца. Сённяшняя “L’Osservatore Romano”
прыводзіць на сваіх старонках некаторыя цытаты з артыкулаў прысвечаных асобе новага
Наступніка св. Пятра. “Гэта магчыма, каб Папа, які прыйшоў здалёк, мог навучыць чамусці
тых, хто лічыць сябе цэнтрам сусвету”, - адзначаецца на старонках амерыканскага “The
Wall Street Journal”. У артыкуле пад загалоўкам “Новы Папа пачаў ад пакорных жэстаў”
падкрэсліваецца падвоеннае паходжанне Святога Айца: ад народа і “з далёкай зямлі”.
Іспанская газета “La Razon” звяртае увагу на каталіцкія карані Аргентыны –
радзімы новага Пантыфіка. Адзначаецца, што вера тут глыбока укаранёная ў культуры
і праяўляецца ў розных аспектах асабістага і грамадскага жыцця. “Аргентына – гэта
адзінае месца на зямлі дзе падчас прафсаюзных маніфестацый моляцца ружанцовай малітвай
і звяртаюцца да Маці Божай Луханскай. Кожны дзень тут збіраюцца доўгія чэргі тых,
хто хоча прасіць св. Каэтана дапамагчы ў пошуку працы. Яшчэ да нядаўняга часу, паводле
Канстытуцыі, толькі католік мог стаць Прэзідэнтам Рэспублікі”, - адзначаецца ў выданні.
Ватыканіст
італьянскага “Corriere della sera” Альда Кадзула, адзначае, што абранне папы Францішка,
гэта штуршок не толькі для Касцёла, але для ўсяго свету. “Адвага з якой новы Папа
хоча змагацца з карупцыяй, інтрыгамі, ганарлівасцю, эгаізмам не абмяжуецца толькі
ватыканскімі мурамі ці агароджамі парафій”, - адзначыў журналіст і выказаў меркаванне,
што Святы Айцец будзе натхняць не толькі палітыкаў, але таксама “сумленні ўсіх і кожнага”.
Французская
“Le Monde” параўноўвае жэсты новага Папа са знакамітым заклікам Яна Паўла ІІ “Не бойцеся!”,
а італьянская “ Il Messaggero” звяртае увагу на тое, што Касцёл, абраўшы Пантыфікам,
таго, пра каго СМІ нават і не думалі зрабіў вялікае павучэнне, тым хто любіць рабіць
прагнозы. “Гэта Касцёл, які заўсёды ўмее здзіўляць робячы крокі наперад, калі ўсе
чакаюць крокаў назад”, - гаворыцца ў газеце.