2013-03-16 12:06:32

Папа: нашу імя Францішак, бо хачу, каб Касцёл быў бедным і для бедных


RealAudioMP3 Святы Айцец расказаў, чаму абраў імя Францішак. Падчас сустрэчы з супрацоўнікамі СМІ, якая адбылася 16 сакавіка ў Зале Паўла VI у Ватыкане, ён падзяліўся, што падчас канклава побач з ім сядзеў “вялікі сябра” арцыбіскуп Сан-Паўлу на пенсіі і былы прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў кардынал Клаўдыё Хумэс. “Калі сітуацыя пачала станавіцца нябеспечнай ён мяне супакойваў”, - пажартаваў Папа. Ён расказаў таксама, што падчас падліку галасоў, калі іх колькасць дасягнула неабходных двух траццінаў, бразільскі пурпатар абняў яго і сказаў на вуха: “Не забудзь пра бедных”. Гэта падшутрхнула да прыняцця рашэння аб выбары імені. Пантыфік дадаў, што ў момант, калі падлік галасоў працягваўся, ён падумаў не толькі пра бедных, але і пра шматлікія войны, а “св. Францішак Асізскі з’яўляецца чалавекам спакою, чалавекам, які любіць і бароніць Стварэнне”. “У наш час, мы не маем добрых адносінаў са стварэннем, праўда ?”, - спытаў Папа. “Як бы я хацеў, каб Касцёл быў бедным і для бедных!”, - сказаў ён. Папа падзяліўся, што некаторыя кардыналы прапаноўвалі яму абраць імя Адрыян V, якое нагадвала б пра папу Адрыяна IV – вялікага рэфарматара, ці нават Клемента XV, у сувязі з тым, што Клемент XIV калісці забараніў ордэн езуітаў. Але ён вырашыў стаць Францішкам.

Падчас сустрэчы Святы Айцец падзякаваў журналістам за іх працу. Ён адзначыў, што касцёльныя падзеі, канешне не больш складаныя за палітычныя ці эканамічныя, але маюць асаблівую характарыстыку: яны не адпавядаюць зямной логіцы, таму іх цяжка прадстаўляць шырокай публіцы. “Касцёл, нягледзячы на тое, што з’яўляецца чалавечым інстытутам, гістарычным, з усім што ад гэтага паходзіць, не мае палітычнай прыроды, але толькі духоўную: гэта Народ Божы. Святы Народ Божы, які крочыць на сустрэчу з Езусам Хрыстом. Толькі гледзячы ў гэтай перспектыве можна цалкам зразумець, як Каталіцкі Касцёл дзейнічае”, - сказаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў цэнтры Касцёла знаходзіцца не Наступнік св. Пятра, але Хрыстус. “Без яго ні Пётр ні Касцёл не мелі б прычын для існавання”, - сказаў ён. Святы Айцец таксама падкрэсліў, што Касцёл мае вялікую ўвагу да працы журналістаў. “Ваша праца патрабуе вучобы, адчування, досведу, як і іншыя прафесіі, але таксама асаблівай увагі ў адносінах да праўды, дабрыні і прыгажосці; і гэта нас робіць асабліва блізкімі, таму што Касцёл існуе, каб камунікаваць Праўду, Дабрыню і Прыгажосць “in persona”. Павінна быць ясна, што мы ўсе пакліканы не камунікаваць саміх сябе, але гэту важную трыяду, якую складаюць праўда, дабрыня, прыгажосць”, - адзначыў Пантыфік.

Традыцыю сустрэчы новаабраных Папаў з журналістамі заклаў Яна Павел ІІ, а падтрымаў Бэнэдыкт XVI. На аўдыенцыі 16 сакавіка прысутнічала больш за 6 тыс. працаўнікоў СМІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.