2013-03-14 10:35:11

Пра планы Папы, яго езуіцкую духоўнасць і будучага Дзяржсакратара


RealAudioMP3 Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што выбар папы Францішка з’яўляецца “абсалютна радыкальным адказам” на размовы аб уладзе ў Касцёле. “Гэта выбар адмаўлення ад улады і чыстага служэння. Гэта, мне здаецца, цудоўны адказ на тое, як многія бачылі і хацелі прадставіць сітуацыю ў Касцёле на працягу мінулых месяцаў”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду. Ён падкрэсліў, што пакліканне на Пасад св. Пятра папа Францішак прыняў думаючы аб неабходнасці служыць Касцёлу з вялікай прастатой і ўніверсальнасцю. “Гэта цудоўная рэч і характарыстыка езуіцкай духоўнасці: глядзець на Паўсюдны Касцёл і патрэбы Паўсюднага Касцёла. Св. Ігнацый нас фарміраваў менавіта, каб мы мелі вельмі шырокі погляд на свет, ужаліва прымалі выклікі і патрэбы свету, у якім жывем, і бачылі служэнне веры і справядлівасці ў якасці вялікага дару, які можам даць нашым сучаснікам”, - сказаў кіраўнік Залы Друку спасылаючыся на прыналежнасць Папы да Ордэна езуітаў.

Адначасова кс. Ламбардзі падкрэсліў, што Папа, які з’яўляецца езуітам, выбраў сабе імя “Францішак”, а не “Ігнацый”. “Гэта значыць, што мы павінны служыць Касцёлу, збіраючы ўсе дары і харызматы, якія Пан дае для будавання Касцёла і абвяшчэння Евангелля”, - сказаў ён.

На пытанне журналістаў, ці прызначыць Папа новага Дзяржсакратара, кс. Ламбардзі адзначыў, што не можа адказаць дакладна, але падкрэсліў, што існуе традыцыя, паводле якой на дадзеную пасаду Святы Айцец прызначае чалавека, якому асабіста давярае, здольнаму “добра інтэграваць свае кампетэнцыі, свае веды і досвед”.

Таксама святар паінфармаваў, што па дарозе да лоджыі благаслаўленняў базылікі св. Пятра папа Францішак не сустракаўся з афіцыйнымі асобамі, толькі з субстытутам, сакратаром па адносінах з дзяржавамі і прэфектам Папскага Дома, якія дапамаглі яму зарыентавацца ў першых абавязках.

Між іншым кіраўнік Залы Друку пазнаёміў журналістаў з бліжэйшымі планамі Папы. Ён расказаў, што інаўгурацыйная св. Імша адбудзецца 19 сакавіка. 14 сакавіка новаабраны Папа здзейсніў прыватны візіт у рымскую базыліку Санта Марыя Маджорэ і будзе цэлебраваць св. Імшу ў Сікстынскай капэле разам з усімі кардыналамі. 15 сакавіка, у Клементыйскай Зале Апостальскага палацу запланавана аўдыенцыя для кардыналаў, а на 16 сакавіка – аўдыенцыя для супрацоўнікаў СМІ, якая адбудзецца ў Зале Паўла VI. Традыцыю правядзення такой сустрэчы ўвёў яшчэ Ян Павел ІІ, а працягнуў Бэнэдыкт XVI. У нядзелю 17 сакавіка адбудзецца традыцыйная малітва “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра.

Кс. Ламбардзі таксама распавёў, што папа Францішак размаўляў па тэлефоне са сваім папярэднікам Бэнэдыктам XVI і, магчыма, у бліжэйшы час паміж імі адбудзецца сустрэча.








All the contents on this site are copyrighted ©.