2013-03-14 14:36:13

Папа Францішак будзе працягваць экуменічныя памкненні папярэднікаў


RealAudioMP3 Папа Францішак будзе працягваць ісці экуменічным шляхам, як і яго папярэднікі, у тым ліку ў адносінах да праваслаўных. Пра гэта паведаміў 14 сакавіка кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Першым жэстам такога роду стане яго сустрэча 20 сакавіка з дэлегатамі розных хрысціянскіх Цэркваў, якія прыбудуць у Ватыкан на цырымонію інтранізацыі. У гэты дзень адменена традыцыйная агульная аўдыенцыя. Вялікая сустэча з вернікамі адбудзецца на дзень раней – 19 сакавіка, падчас урачыстай інаўгурацыйнай св. Імшы, уваход на якую будзе вольным – не прадугледжана ніякіх білетаў.Кс. Ламбардзі паінфармаваў, што Францішак валодае іспанскай, італьянскай, англійскай, нямецкай, французскай і, магчыма, партугальскай мовамі.

На пытанне аб магчымых новых прызначэннях Святога Айца, кіраўнік Залы Друку адказаў, што гэта залежыць выключна ад жадання Папа, “але некаторыя прызначэнні традыцыйна робяцца ў першыя дні”. “Часам некаторыя функцыі пацвярджаюцца на кароткі перыяд у чаканні канчатковага рашэння Папы”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Гаворачы пра здароўе новага Пантыфіка, прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў, што ў маладосці ў яго была выдалена частка лёгкага, але зараз Папа прыбывае ў добрым здароўі.








All the contents on this site are copyrighted ©.