2013-03-13 11:39:34

На ранішняй сесіі канклава Папа не быў абраны


RealAudioMP3 13 сакавіка, у першых двух турах галасавання, кардыналам не ўдалося выбраць новага Пантыфіка. З коміну Сікстынскай капэлы ў 11.39 па рымскім часе з’явіўся чорны дым. У другой палове дня пурпураты збяруцца на чарговую выбарчую сесію, на якой, у двух турах, паспрабуюць абраць Наступніка св. Пятра. На плошчы перад ватыканскай базылікай пастаянна знаходзіцца вялікая колькасць людзей, якія адмыслова прыбылі на яе, каб даведацца аб выніках галасавання. У Рыме ў гэтыя дні працуе каля 6 тыс. журналістаў з усяго свету, якія асвятляюць падзеі, звязаныя з абраннем новага Пантыфіка. Многія тэлеканалы вядуць прамую трансляцыю з плошчы перад ватыканскай базылікай.115 кардыналаў удзельнічае ў выбары Наступніка св. Пятра. Яны прадстаўляюць усе кантыненты. Большасць з іх прыбыла з Еўропы. Самая вялікая колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў з гэтага кантыненту – італьянцы. Галасаванне праходзіць у поўнай таямніцы. У Сікстынскай капэле падчас яго знаходзяцца выключна кардыналы-выбаршчыкі. Падлік галасоў вядзе спецыяльна створаная з іх саміх камісія.

Кардыналы падчас абрання новага Пантыфіка карыстаюцца такімі ж выбарчымі карткамі, якія прымяняліся падчас апошняга канклаву ў 2005 г. Карткі выкананы ў форме прастакутніка памерамі 12х14 см. Уверсе па цэнтры напісаны словы “Eligo in Summum Pontificem” (Абіраю Вярхоўнага Пантыфіка). Унізе карткі кожны кардынал павінен напісаць імя і прозвішча свайго кандыдата на Пасад св. Пятра. Напіс павінен быць зроблены выразна. Калі на выбарчай картцы будзе змешчана імя больш чым аднаго кандыдата, яна будзе прызнана не сапраўднай. Каб захаваць таямніцу выбару, кожны пурпурат павінен скласці сваю картку ўдвая і ўкінуць у спецыяльную скрыню.







All the contents on this site are copyrighted ©.