2013-03-12 15:55:16

Эксперт па Азіі: будучы Папа павінен будзе наведаць азіяцкі кантынент


RealAudioMP3 Будучы Папа павінен абавязкова наведаць Азію. Такога меркавання прытрымліваецца місіянер, заснавальнік і дырэктар інфармацыйнага агенцтва “AsiaNews”, кс. Бернарда Чэрвэлера. Ён лічыць, што для выканання гэтага задання Пантыфіку спатрэбіцца шмат сілаў, таму пажадана, каб ён быў “дастаткова маладым”. Святар адзначыў, што Азія з’яўляецца самым густа населеным кантынентам свету і тут знаходзіцца самая вялікая колькасць нехрысціян. Таму, калі будучы Пантыфік пажадае даць новы місіянерскі імпульс Касцёлу ён павінен будзе працягваць шлях пачаты Янам Паўлам ІІ і выказаны ў яго словах “Aзія – вось наша заданне на трэцяе тысячагоддзе”, лічыць кс. Чэрвэлера.

Аўтарытэтны эксперт у азіяцкім пытанні нагадаў таксама, што Бэнэдыкт XVI ніколі не наведваў Азіі, за выключэннем паддарожжа на Блізкі Усход у верасні 2012 г. Такім чынам, гэты кантынент не бачыў Папу з 1999 г. – часу візіта Яна Паўла ІІ у Індыю.

Кс. Чэрвэлера звярнуў увагу на тое, што пасля адстаўкі Бэнэдыкта XVI рэдакцыя сайта, які ён узначальвае, атрымлівала лісты ад прадстаўнікоў розных рэлігій і плыняў. Будысты дзякавалі Папе за тое, што падкрэсліваў небяспеку матэрыялізма, мусульмане – за змаганне з фундаменталізмам і ўжываннем імя Бога для апраўдання насілля, атэісты – за сведчанне, дзякуючы якому знайшлі веру ў секулярызаваным свеце. Паводле святара, усе гэтыя праблемы шырока распаўсюджаны ў краінах Азіі і патрабуюць вырашэння, а мясцовыя хрысціяне падтрымкі і сведчання.

“Будучы Папа будзе з Азіі?”, - задаўся пытаннем кс. Чэрвэлера і адразу адказаў: “Магчыма (...) Не важна будзе ён азіятам, афрыканцам ці з Захаду: важна каб быў католікам, універсальным, які ў імя Бога будзе здольны весці да дыялогу народы і кантыненты”.








All the contents on this site are copyrighted ©.