2013-03-12 11:01:21

Кардынал Садана: любоў – адметная рыса Рымскіх Пантыфікаў


RealAudioMP3 12 сакавіка раніцай у ватыканскай базыліцы адбылася св. Імша “Pro eligendo Pontifice” (Аб абранні Пантыфіка), якая папярэднічала пачатку канклава. Яе ўзначаліў кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі кардыналаў. Паводле яго, літургія стала добрай нагодай, падзякаваць Богу за “бліскучы пантыфікат”, прадстаўлены “жыццём і дзейнасцю 265-га Наступніка св. Пятра” – Бэнэдыкта XVI. Кардынал Садана спаслаўся на Апошнюю вячэру і падкрэсліў, што “фундаментальнай рысай пастыраў Касцёла з’яўляецца любоў”. “Тая любоў, якая прымушае нас аддаваць наша жыццё за братоў і сясцёр”, - удакладніў ён. Дэкан Калегіі кардыналаў падкрэсліў, што такі падыход адпавядае асаблівым чынам служэнню Рымскага Пантыфіка, Пастыра Паўсюднага Касцёла. “Наколькі высокім і ўніверсальным з’яўляецца пастырскае служэнне, настолькі вялікай павінна быць любоў Пастыра”, - падкрэсліў іерарх.

У духу гэтага служэння любові да Касцёла і ўсяго чалавецтва, апошнія Пантыфікі былі ініцыятарамі шматлікіх добрых ініцыятыў, скіраваных да народаў і міжнароднай супольнасці; яны нястомна садзейнічалі справядлівасці і міру, нагадаў былы Дзярджсакратар Яго Святасці Папы. Ён заклікаў маліцца, каб будучы Пантыфік змог працягваць “гэту бесперапынную працу на сусветным узроўні”. Бо менавіта служэнне любові з’яўляецца фундаментальным элементам місіі Касцёла і выразам яго істоты, нагадаў кардынал Садана.

“Браты мае, давайце маліцца, каб Пан даў нам Пантыфіка, які са шчодрым сэрцам будзе выконваць гэту высакародную місію”, - заклікаў сабраных у базыліцы св. Пятра дэкан Калегіі кардыналаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.