2013-03-11 14:52:50

Кс. Ламбардзі зрабіў апошнія каментары перад пачаткам канклава


RealAudioMP3 За комінам на даху Сікстынскай капэлы можна будзе назіраць у прамым эфіры. Пра гэта паведаміў кс. Ламбардзі падчас брыфінгу 11 сакавіка. Трансляцыя будзе падрыхтавана Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам, а сачыць за ёй можна будзе таксама і ў інтэнэце праз ватыканскі відэаплэер, змешчаны ў тым ліку на нашым сайце vatican.by. Кіраўнік Залы Друку паведаміў, што першае спаленне выбарчых картак прадугледжана на 12 сакавіка каля 20.00 па рымскім часе. Аднак, кс. Ламбрадзі папярэдзіў, што пурпураты не абавязаны праводзіць галасаванне ў першы дзень канклава.Паводле прадстаўніка Святога Пасаду, для асвятлення падзей, звязаных з абраннем новага Папы, у Ватыкане былі акрэдытаваныя каля 5600 журналістаў. На св. Імшы “Pro eligendo Pontifice” (Аб выбары Пантыфіка), якая пачнецца 12 сакавіка ў 10.00 будуць працаваць 35 фатографаў і каля 30 тэлеаператараў.

Каментуючы падзеі 11 сакавіка, кс. Ламбардзі адзначыў, што раніцай адбылася апошняя, дзесятая агульная кангрэгацыя, у якой прынялі удзел 152 кардыналы. Яны абралі на трохдзённы тэрмін новых памочнікаў камерленга, якімі сталі кардыналы Антоніас Нагіб, Марк Уэлле і Франчэска Монтэрызі. Кс. Ламбардзі паведаміў, што падчас сённяшняй кангрэгацыі 28 кардыналаў выступілі са сваімі прапановамі і разважаннямі. Сярод іншых, слова ўзяў кардынал Тарчызіа Бэртонэ, які пазнаёміў прысутных з сітуацыяй Інстытута рэлігійных спраў, больш вядомага як Ватыканскі банк. Ён распавёў пра структуру і дзейнасць гэтай установы, а таксама паінфармаваў аб супрацоўніцтве з арганізацыяй па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызма “Moneyval”.








All the contents on this site are copyrighted ©.