2013-03-11 11:55:32

Ватыканскі выдаўца: Бэнэдыкт XVI заслугоўвае Нобелеўскай прэміі па літаратуры


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI заслугоўвае Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Такое меркаванне выказаў 10 сакавіка дырэктар Ватыканскага выдавецтва кс. Джузэпэ Коста ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву італьянскага епіскапата. Святар адзначыў, што літаратурны стыль Бэнэдыкта XVI з’яўляецца вельмі сучасным. На яго думку, Папа здолеў змяніць рэлігійную мову, зрабіўшы яе больш актуальнай, непасрэнай, зразумелай і пазбаўленай “барочных” элементаў. Гаворачы пра недапісаную Пантыфікам энцыкліку аб веры, кс. Коста выказаў гіпотэзу, што яна можа быць выдадзена ў якасці кнігі. “Як выдавецтва, мы заўсёды адкрытыя на тое, каб яе апублікаваць”, - сказаў ён. Святар расказаў, што да навучання Бэнэдыкта XVI праяўляюць цікавасць выдавецтвы ў розных краінах. Напрыклад, выданне яго апошніх прамоў у адной кнізе, было зроблена па просьбе 7 розных еўрапейскіх выдавецтваў. “Без сумніву, Папа паспрыяў развіццю Ватыканскага выдавецтва”, - адзначыў ён. Дырэктар нагадаў, што публікацыя навучання Рымскіх Пантыфікаў з’яўляецца неад’емнай місіяй установы якую ён узначальвае. Таму тут выходзілі ўсе тэксты Бэнэдыкта XVI: ад катэхез да энцыклік, і ў самых розных фарматах: ад простых і танных, да па-мастацку аздобленых і дарагіх.

“Тэалагічная і культурная веліч Бэнэдыкта XVI не паддаецца вымярэнню. Ён адзін з самых вялікіх тэолагаў старой закалкі, з энцыклапедычнымі ведамі. Зараз лёгка знайсці добрых тэолагаў, але канешне, не такой велічыні”, - сказаў святар. Між іншым ён падзяліўся, што ў бліжэйшы час у Ватыканскім выдавецтве, рыхтуюцца да выдання катэхезы Бэнэдыкта XVI аб Годзе веры, а таксама кніга “У палёце з папам Бэнэдыктам”, у якой будуць сабраны інтэрв’ю Пантыфіка, дадзеныя журналістам падчас пералётаў у рамках яго падарожжаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.