2013-03-10 14:47:03

Чэшскі кардынал: важнейшая за “Vatileaks” праблема – зыход католікаў з Касцёла


RealAudioMP3 Вышэйшым прыярытэтам для Каталіцкага Касцёла сёння з’яўляецца зварот да людзей, якія губляюць сваю веру, лічыць кардынал Дамінік Дука, арцыбіскуп Пражскі, Прымас Чэхіі. “Я не думаю, што “Vatileaks” наверсе парадку дня”, - сказаў чэшскі кардынал у інтэрв’ю італьянскай “Il Messaggero”. Іерарх чакае, аднак, што кардыналы атрымаюць некаторую інфармацыю аб расследаванні, праведзеным трыма найстарэйшымі пурпуратамі па справе аб уцечцы канфідэнцыйных папскіх дакументаў. Але ў той жа час кардынал Дука заўважыў, што праблема ўцечкі дакументаў з’яўляецца значна менш важнай, чым масавы зыход католікаў з Касцёла.

Кардынал Дамінік Дука нарадзіўся ў 1943 г. У 1969 г. уступіў у Дамініканскі ордэн. У 1970 г. прыняў святарства. Праз пяць гадоў па патрабаванні камуністычных уладаў Чэхаславакіі быў вымушаны спыніць святарскае служэнне, пасля чаго на працягу каля 15 гадоў, да 1989 г., працаваў чарцёжнікам на заводзе “Шкода”. Падпольна працягваў дзейнасць у якасці магістра навіцыяту Дамініканскага ордэна і выкладчыка тэалогіі. З 1986 па 1998 гг. быў правінцыялам дамініканаў Багеміі і Маравіі. У 1998 г. быў прызначаны біскупам свайго роднага горада Градец-Краловэ. У 2010 г. змяніў кардынала Міласлава Влка на пражскай арцыбіскупскай кафедры. Да Калегіі кардыналаў быў далучаны ў 2012 г. Бэнэдыктам XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.