На Сікстынскай капэле да канклава ўстаноўлены комін
У сувязі з пачаткам
канклава, прызначаным на 12 сакавіка, на Сікстынскай капэле ўстаноўлены комін. 9 сакавіка
чацвёра супрацоўнікаў замацавала на даху капэлы металічную трубу. За іх працай назіралі
шматлікія фатографы і здымачныя групы з усяго свету. У наступны аўторак у Сікстынскай
капэле збяруцца 115 кардыналаў, спасярод якіх будзе абраны 266-ы Наступнік св. Пятра.
З коміну выйдзе белы дым, які стане сігналам выбару Папы, або чорны, што засведчыць
аб адсутнасці выніку галасавання. Дым з’явіцца з двух печаў, выкананых з ліцейнага
чыгуну. У адной з іх, якая эксплуатуецца з 1939 г., будуць спальвацца карткі, выкарыстаныя
кардыналамі для галасавання, а ў другой, якую ўжылі ўпершыню ў 2005 г., з дапамогай
хімічных рэчываў, будзе вырабляцца дым белага або чорнага колераў. Пачатак традыцыі
гэтай формы паведамлення аб выбары Папы губляецца ў глыбіні стагоддзяў гісторыі. Упершыню
выявы Сікстынскай капэлы з печчу, у якой спальвалі выбарчыя карткі падчас канклава,
з’явіліся ў XVII ст. Інфармацыя аб тым, што дым быў выкарыстаны ў якасці сігналу паходзіць
з канклава ў 1775 г.; ён праводзіўся ў рымскім Квірынальскім палацы. Згадка аб тым,
што “дым” стаў неад’емнай часткай канклава датуецца 1878 г. На пачатку да спальваных
картак дакладалі вільготную салому, каб атрымаць чорны колер дыму. Падчас канклава
ў 1963 г. у першы раз для яго атрымання выкарысталі дымавую шашку італьянскай арміі.
Ва
ўведзеных Янам Паўлам II у 1996 г. правілах выбару Папы дымавы сігнал больш не згадваецца.
Нягледзячы на выкарыстанне сучасных рэчываў, колер дыму становіцца не адразу зразумелым.
У 2005 г. толькі пасля некалькіх хвілін можна было дакладна сказаць, што з коміну
выходзіць белы дым. З таго часу аб выбары Пантыфіка дадаткова сведчыць гучанне званоў
базылікі св. Пятра.