2013-03-10 12:14:54

Кардынал-выбаршчык: канклаў – не сход пажылых і старых людзей


RealAudioMP3 Дні падрыхтоўкі да канклава ў Ватыкане – гэта таксама час, які вельмі ўзбагачае, напісаў арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонборн у штотыднёвым каментары на старонках папулярнай бясплатнай аўстрыйскай газеты “Heute”. Біскупы з усяго свету “моляцца і раяцца разам, абменьваюцца поглядамі, даведваюцца пра часта драматычную сітуацыю ў некаторых краінах”, - напісаў іерарх. Кардынал падкрэсліў, што сам ён у гэтыя дні асаблівым чынам адчувае, што Бог дае новыя сілы для Касцёла і за гэта Яму вельмі ўдзячны.

Кардынал уражаны вялікай цікавасцю, якая суправаджае канклаў, асабліва тым, што крытычныя вочы бачаць у ім толькі сход “пажылых і старых людзей”, якія павінны выбраць кіраўніка ўстановы, “якая часта пастаўляла дрэнныя навіны на першыя старонкі газет”.

Але для арцыбіскупа Вены у кангрэгацыях кардыналаў перад канклавам вельмі важны той факт, наколькі моцна Касцёл у розных рэгіёнах свету спрабуе “змагацца з беднасцю, прадухіляць канфлікты і змякчаць іх наступствы, развіваць адукацыю, умацоўваць веру, надзею і заахвочваць жыць паводле Евангелля”. У ходзе гэтых сустрэч можна бачыць, “якую сілу і мудрасць маюць людзі, адораныя ўзростам”, - напісаў кардынал Шонборн.







All the contents on this site are copyrighted ©.