2013-03-09 09:05:37

Кардыналы вырашылі: канклаў пачнецца 12 сакавіка


RealAudioMP3 На восьмай агульнай кангрэгацыі вечарам 8 сакавіка сабраныя ў Ватыкане кардыналы дамовіліся аб даце пачатку канклава: ён пачнецца 12 сакавіка. У гэты дзень раніцай пурпураты адправяць у ватыканскай базыліцы св. Імшу “Pro eligendo pontifice” (Аб абранні Пантыфіка), а ў другой яго палове 115 кардыналаў-выбаршчыкаў скіруюцца з Сікстынскую капэлу, каб распачаць канклаў. Кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі, не будзе ўваходзіць у склад гэтай групы, паколькі перасёк мяжу ўстаноўленага ўзросту для выбаршчыкаў. Узначаліць працы канклаву кардынал Джавані Батыста Рэ, у якасці старэйшага сярод удзельнікаў. Кардыналы выкарысталі магчымасць, дадзеную ім “Motu proprio” Бэнэдыкта XVI, правесці выбары раней прадугледжанага тэрміну. Магчымасць прагаласаваць за гэта з’явілася ў іх у чацвер вечарам пасля таго, як апошні адсутны кардынал-выбаршчык, в’етнамец Жан-Батыст Фам Мінь Ман, прыбыў у Рым.

У наступныя дні Калегія кардыналаў працягне кансультацыі ў рамках падрыхтоўкі да выбараў Пантыфіка. Спіс пурпуратаў, якія яшчэ не выступілі падчас агульных кангрэгацый застаецца даволі доўгім. Каля 100 з іх у апошнія некалькі дзён ужо далі свае каментары па бягучых пытаннях і праблемах Касцёла: евангелізацыі, адносінах паміж Святым Пасадам і мясцовымі Касцёламі, калегіяльнасці, экуменічным і міжрэлігійным дыялогу, пытаннях сацыяльнай справядлівасці і ролі жанчын у Касцёле.

У бліжэйшую нядзелю многія з пурпуратаў наведаюць свае рымскія тытулярныя касцёлы і іх парафіяльныя супольнасці.

На пачатку канклава ў Сікстынскай капэле кардыналы складуць прысягу, што іх галасаванне пройдзе ў духу добрай волі. Затым папскі цэрымонімайстар кс. прэлат Гвіда Марыні з формулай “Extra omnes” (усе сыходзяць) загадае ўсім нявыбаршчыкам пакінуць капэлу, каб зачыніць яе дзверы. Перад пачаткам першага галасавання кардыналы пачуюць духоўную канферэнцыю, якую прамовіць да іх паходзячы з Мальты кардынал Праспэра Грэк, які сам не будзе прымаць удзелу ў канклаве. Затым ён і цэрымонімайстар павінны будуць таксама пакінуць Сікстынскую капэлу. Пасля чаго пачнуцца выбары наступнага Пантыфіка.







All the contents on this site are copyrighted ©.