2013-03-09 10:29:59

Адзін з кардыналаў расказаў, што яны абмяркоўваюць у Ватыкане


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Нью-Ёрка, кардынал Цімаці Долан, напісаў да вернікаў сваёй архідыяцэзіі ліст, у якім падзяліўся асабістымі ўражаннямі аб Рыме і расказаў, чым замаюцца кардыналы падчас агульных кангрэгацый. Ліст, апублікаваны ў блогу арцыбіскупа Нью-Ёрка, напісаны ў простай форме з уласцівым іерарху пачуццём гумару. Пурпурат прызнаўся, што вельмі сумуе па сваіх верніках і паскардзіўся, што яму не хапае традыцыйнай ірландскай ежы, хоць ён і любіць італьянскую кухню. Іерарх падзякаваў вернікам за малітву, і заклікаў працягваць падтрымліваць пурпутараў духоўна. Кардынал Долан падзяліўся падрабязнасцямі свайго прабывання ў Ватыкане. У лісце ён распавёў, што кожны дзень удзельнікаў агульных кангрэгацый напоўнены малітвай. Раніцай яны адпраўляюць св. Імшу і моляцца асабіста. Затым, перад пачаткам пасяджэнняў, супольна прамаўляюць “Veni Sancte Spiritus”, просячы прысутнасці Святога Духа, а ў перапынках цэлебруюць Літургію гадзін. Кардынал падзяліўся, што ў 12.00 моліцца “Анёл Панскі” і заўсёды спыняецца на некаторы час у капліцы, каб у цішыні паразважаць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. “Вы будзеце здзіўлены, але мы праводзім шмат часу, абмяркоўваючы паміж сабой такія тэмы як: малітва, навучанне веры, цэлебрарацыя сямі сакрамэнтаў. Абмяркоўваем, як прымаць вернікаў, што пакінулі Касцёл, як служыць хворым і бедным”, - напісаў іерарх. Ён прызнаўся, што паміж сабой кардыналы абмяркоўваюць праблемы, звязныя з утрыманнем каталіцкіх школ, бальніц, дабрачынных арганізацый; задаюць сабе пытанні, як лепш натхняць святароў, біскупаў і кансэкраваных асоб, бараніць годнасць сужэнства і чалавечага жыцця, якому пагражаюць войны, беднасць і аборты.

Кардынал заўважыў, што большасць людзей думае, нібыта пурпураты абмяркоўваюць выключна карупцыю ў Ватыкане, сексуальныя злачынствы і грашовыя справы. “Гэтыя пытанні ўздымаюцца? Так! Ці дамінуюць? Не”, - напісаў ён. Нарэшце, іерарх адзначыў, што, сярод імёнаў, якія часцей за ўсё называюцца ў дыскусіях кардыналаў “самае папулярнае імя, гэта святое імя Езуса!”.








All the contents on this site are copyrighted ©.