2013-03-07 14:19:06

Кардыналы працягваюць абмяркоўваць важныя для Касцёла пытанні


RealAudioMP3 Кардыналы яшчэ не вызначыліся з датай пачатку канклава. Пра гэта расказаў 7 сакавіка журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Святар абверг чуткі, распаўсюджаныя некаторымі СМІ, аб тым, што канклаў павінен распачацца ў панядзелак 11 сакавіка, паколькі на гэты дзень у базыліцы св. Пятра абвешчана св. Імша “Pro eligendo Romano Pontifice” (Аб абранні Рымскага Пантыфіка). Кс. Ламбардзі патлумачыў, што св. Імша паводле гэтага фармуляра можа цэлебравацца ўсімі святарамі і яе нельга прывязваць да тэрміну пачатку канклаву. Кіраўнік Залы Друку расказаў, што для ўдзелу ў агульных кангрэгацыях прыбылі яшчэ два кардыналы, сярод якіх кардынал-выбаршчык – арцыбіскуп Варшаўскі Казімеж Ныч. Вечарам 7 сакавіка чакаецца прыезд апошняга кардынала-выбаршчыка – в’етнамскага іерарха Жана-Батыста Фам Мінь Мана.

Кіраўнік Залы Друку распавёў, што на новы трохдзённы тэрмін пурпуратамі былі абраны тры памочнікі камерленга: кардыналы Бутрас Раі, Ларэн Мансэнгва Пасінья і Веласіа Дэ Паоліс. Акрамя таго, кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі кардыналаў, зачытаў сабраным тэкст спачувальнай тэлеграмы, скіраванай на імя венесуэльскага кіраўніцтва ў сувязі са смерцю Прэзідэнта Уга Чавеса.

Падчас сённяшняй агульнай кангрэгацыі з дакладамі выступілі 16 пурпуратаў. Першыя тры, па просьбе кардынала-камерленга, пазнаёмілі сабраных з эканамічнай сітуацыяй Апостальскай Сталіцы, што прадугледжвае Апостальская Канстытуцыя “Pastor Bonus” у перыяд “sede vacante”. Акрамя таго, 7 сакавіка кардыналы праводзілі прыватныя сустрэчы паміж сабой, каб абмеркаваць пытанні, звязаныя з абраннем новага Папы.








All the contents on this site are copyrighted ©.