2013-03-07 12:26:47

Выйшаў зборнік апошніх прамоў Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 “Я ніколі не адчуваў сябе ў адзіноце – апошнія прамовы Бэнэдыкта XVI”, – зборнік пад такой назвай быў падрыхтаваны ватыканскім выдавецтвам і ўжо з’явіўся на паліцах кнігарняў. У яго увайшлі тэксты прамоў Папы на пенсіі, за перыяд паміж 11-28 лютага – ад абвяшчэння рашэння аб заканчэнні Пантыфікату да пачатку перыяду “sede vacante”. На вокладцы выдання змешчаны фотаздымак Бэнэдыкта XVI з апошняй агульнай аўдыенцыі, якая прайшла на галоўнай ватыканскай плошчы 27 лютага. Загалоўкам кнігі сталі словы, прамоўленыя Папам падчас той сустрэчы з вернікамі: “Я ніколі не адчуваў сябе ў адзіноце несучы радасць і цяжар служэння на пасадзе св. Пятра”.

Сярод тэкстаў, змешчаных у кнізе, прамова Бэнэдыкта XVI падчас кансісторыі 11 лютага, катэхезы з апошніх агульных аўдыенцый, гамілія на св. Імшы ў Папяльцовую сераду, зварот да пробашчаў рымскіх касцёлаў, словы на заканчэнне духоўных практыкаванняў для членаў Рымскай курыі і тэкст “motu proprio” аб зменах у правядзенні канклаву. У завяршэнні кнігі прыводзяцца словы Бэнэдыкта XVI, скіраваныя з лоджыі Апостальскага палацу ў Кастэль-Гандольфа на развітанне з вернікамі: “Я просты пілігрым, які пачынае апошні перыяд свайго пілігрымавання па гэтай зямлі”. У спецыяльным паведамленні ватыканскага выдавецтва адзначаецца, што кніга з’яўляецца знакам удзячнасці Бэнэдыкту XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.