2013-03-06 12:59:56

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Хто такія ватыканісты?


RealAudioMP3 На працягу апошніх некалькіх тыдняў увага большасці сусветных СМІ безумоўна звернута да падзей, якія адбываюцца ў Ватыкане. Напэўна, не адзін выпуск вячэрніх навінаў не праходзіць без узгадкі таго ці іншага факту звязанага з актуальнымі падзеямі, якія адбываюцца ў сэрцы Каталіцкага Касцёла. 28 лютага, ужо прайшла першая галоўная медыйная падзея – заканчэнне пантыфіката Бэнэдыкта XVI. Цяпер, тысячы журналістаў чакаюць пачатку іншага важнага мерапрыемства – абрання новага Папы. Каб паспець сваечасова, а калі пашчасціць, то і першымі, паказаць белы дым з трубы на Сікстынскай капэле, у Рым прыбылі шматлікія прадстаўнікі розных СМІ. У некалькіх кроках ад плошчы св. Пятра ўстаноўлены спецыяльныя пляцоўкі з якіх зручна здымаць і весці рэпартажы. Можна сказаць, што журналісты тут “жывуць” яшчэ з таго дня, як Бэнэдыкт XVI абвясціў аб сваім рашэнні пакінуць пасаду Біскупа Рыма.

Падчас аднаго з апошніх брыфінгаў у Зале Друку Апостальскай Сталіцы, яе кіраўнік кс. Фэдэрыка Ламбардзі падзяліўся, што для асвятлення канклаву ў Ватыкане ўжо атрымалі акрэдытацыю больш за 3600 журналістаў. Канешне, многія з іх прыбылі ў Вечны Горад толькі дзеля, скажам так, адной падзеі. Але на самой справе вялікая колькасць журналістаў займаецца ватыканскімі навінамі не толькі ад часу да часу. Пастаянную акрэдытацыю пры Зале Друку Апостальскай Сталіцы маюць каля 450 журналістаў з розных краін свету. Жыццё Каталіцкага Касцёла, прызначэнні ў Рымскай курыі, словы, сустрэчы і жэсты Папы, Апостальскія падарожжы – усё гэта знаходзіцца ў цэнтры вялікай увагі асобнай групы працаўнікоў СМІ, якія называюцца “ватыканістамі”. Аб іх пойдзе гаворка ў нашай сённяшняй праграме.

Тэрмін “ватыканісты” узнік у другой палове ХХ ст. у дачыненні да журналістаў, якія асвятлялі падзеі звязаныя з ІІ Ватыканскім Саборам. Аднак, трэба адзначыць, што асобная катэгорыя журналістаў, якія займаліся выключна “ватыканскім справамі” з’явілася яшчэ ў міжваенны час, незадоўга пасля стварэння дзяржавы Ватыкан ў 1929 г.. Гэта была невялікая група – прадстаўнікі некалькіх інфармацыйных агенцтваў, акрэдытаваных пры Зале Друку ватыканскай газеты “L‘Osservatore Romano”. Яны абпрацоўвалі навіны змешчаныя ў гэтым выданні, а таксама часам, маглі прысутнічаць на папскіх аўдыенцыях. Іх працоўнае месца нават некаторы час знаходзілася на тэрыторыі самаго Ватыкана – гэта быў асобны кабінет у рэдакцыі ватыканскай газеты. Адзін з самых знакамітых у свеце ватыканістаў, Бэні Лай, узгадваў што ў той час, існавала вялікае жаданне “зразумець Ватыкан”, а ў буйных газетах было амаль зарэзерваванае месца для навін Апостальскай Сталіцы.

З правядзеннем ІІ Ватыканскага Сабору, журналістаў, якія атрымалі акрэдытацыю ў Ватыкане стала нашмат больш. У сувязі з гэтым з’явілася і новая форма камунікацыі паміж імі і прадстаўнікамі Святога Пасаду. Яна ажыцяўлялася праз Залу Друку Папскай цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі ІІ Ватыканскага Сабору, якая арганізоўвала штодзённыя інфармацыйныя брыфінгі. Падчас іх, кампетэнтныя прадстаўнікі Касцёла, распавядалі аб тэмах, якія абмяркоўваліся на Саборы. Менавіта ў той час, у адносінах да журналістаў якія сталі спецыялізавацца на гэтай тэме пачаў выкарыстоўвацца тэрмін “ватыканісты”.

Гэтыя журналісты, імкнуліся не толькі пераказаць тое, што адбываецца ў Ватыкане, але таксама зразумець і патлумачыць людзям сэнс, мэты і перспектывы пераменаў, якія перажываў Касцёл. Так яны сталі не толькі інфармаваць аб ватыканскіх падзях, але таксама выступаць у якасці экспертаў і крытыкаў. Можна сказаць, што ватыканісты сталі працаўнікамі асобнай, унікальнай, журналіскай прафесіі. Падцвярджэннем гэтага, з’яўляецца той факт, што на сённяшні дзень нават існуе Міжнародная асацыяцыя журналістаў акрэдытаваны пры Ватыкане, якая налічае каля 500 чалавек.

У Папскім універсітэце Святога Сэрца, было правядзена спецыяльнае даследванне якое паказала, што большасць ватыканістаў каля 70%, гэта мужчыны. Іх сярэдні узрост – 50 гадоў. Большасць з ватыканістаў з’яўляецца італьянцамі, але таксама ёсць шмат амерыканцаў, немцаў, іспанцаў і французаў. Акрамя таго, ватыканісты ёсць у польскіх, японскіх, мексіканскіх выданнях.

Паводле вынікаў даследвання, ватыканісты маюць адзін з самых высокіх адукацыйных узроўняў сярод усіх журналістаў – 9 з 10 маюць прынамсі адну вышэйшую адукацыю. Тэалагічную адукацыю маюць толькі каля 5% ватыканістаў, але 80% з іх вучылася на спецыяльных тэалагічных курсах. Амаль усе яны ведаюць 4 мовы: італьянскую, англійскую, французскую і іспанскую. А вось лацінскую мову ведаюць не многія. Напрыклад, калі Бэнэдыкт XVI аб’явіў аб сваім рашэнні пакінуць пасад св. Пятра даскналае веданне лацінскай дапамагло ватыканістке італьянскага агенцтва “Ansa” хутка зразумець словы Папы і першай даць навіну аб гэтай падзеі, у той час як іншыя чакалі перакладу ці яго пацвярджэння.

Канешне, нягледзячы на тое, што амаль 40% членаў Міжнароднай асацыяцыі журналістаў акрэдытаваных пры Ватыкане займаюцца выключна навінамі Апостальскай Сталіцы, у многіх з іх адчуваецца недахоп кампетэнцыі ці пэўная прадузятасць у падачы інфармацыі.

Галоўны рэдактар часопіса “La Civiltà Cattolica” кс. Антонія Спадара, які таксама з’яўляецца дарадчыкам Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, выкладчыкам і вядомым блогерам, вылучыў две сферы ў якіх сучасныя ватыканісты праяўляюць сваю некампетэнцыю.

Першая тычыцца недакладнасцяў у тэрмінах і паняццях. Часам можна пабачыць у іх артыкалах такія выказванні, як “атрымаў кардынальскае пасвячэнне”, (можна атрымаць кардынальскую годнасць) або “усё духавенства Рыма – мужчынскае і жаночае” (духавенства ў Касцёле бывае толькі мужчынскім). Калі бачыш, такія недарэчнасці, адразу разумееш, што аўтару не хапае кампетэнцыі ў нялёгкім свеце касцёльнай тэрміналогіі.

Іншы слабы бок сучасных ватыканістаў звязаны са спробамі прадставіць жыццё Касцёла праз прызму палітычных катэгорый. Таму, у адносінах да іерархаў, яны часам выкарыстоўваюць такія стэрэатыпныя і зусім недарэчныя словы, як “кансерватар” ці “рэфарматар”, “левы” і “правы” і г.д. У іх артыкулах пастаянна ёсць месца змовам, інтрыгам, унутранай барацьбе і іншым фактам, якія не маюць нічога супольнага з рэальнасцю.

Нарэшце апошнім слабым месцам сучаснай ватыканістыкі з’яўляецца павярхоўны позірк на многія падзеі ў жыцці Касцёла. Напрыклад, Папа здзейсняе Апостальскае падарожжа, праводзіць шмат сустрэч і прамаўляе вельмі важныя для ўсяго чалавецтва словы, а ўвага ватыканістаў бывае засяроджана на адным выразе Пантыфіка, асабліва калі ён звязаны з пэўнай вострай тэмай ці на пратэстах якой небудзь маленькай групы незадаволеных.

Канешне такі стыль працы тычыцца не ўсіх ватыкансітаў. Сярод іх ёсць шмат кампетэнтных спецыялістаў, якія добра адчуваюць рытм жыцця Апостальскай Сталіцы і маюць здольнасць перадаць сапраўдны і глыбокі сэнс таго чым жыве Касцёл.








All the contents on this site are copyrighted ©.