2013-03-05 15:18:04

Кардыналы падзякавалі Бэнэдыкту XVI за нястомную працу ў вінаградніку Пана


RealAudioMP3 Кардыналы, якія прымаюць удзел у агульных кангрэгацыях у Ватыкане скіравалі пасланне да Бэнэдыкта XVI у якім выразілі падзяку за “яскравае пятровае служэнне і прыклад шчырага душпастырскага клопату аб Касцёле і свеце”. Адзначаецца, што сваім пасланнем іерархі выразілі Пантыфіку на пенсіі ад імя усяго Касцёла “прызнанне за яго нястомную працу ў вінаградніку Пана”. “Члены Калегіі Кардыналаў давярылі яго малітвам сябе, а таксама ўвесь святы Касцёл”, - расказаў кс. Ламбардзі падчас сустрэчы з журналістамі 5 сакавіка. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў, што колькасць кардыналаў выбаршчыкаў, якія ўжо прыбылі ў Рым і ўдзельнічаюць у кангрэгацыях павялічылася да 110 чалавек. 5 сакавіка прысягу аб захаванні таямніцаў звязаных з абраннем Папы прыняслі яшчэ два іерархі: іспанскі кардынал Рока Варэла і прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі кардынал з Польшчы Зянон Грахалеўскі.

Падчас кангрэгацыі, якая прайшла раніцай 5 сакавіка выступілі 11 чалавек. Сярод тэмаў, якія яны закранулі: дзейнасць Апостальскай Сталіцы і яе дыкастэрый, адносіны з епіскапатамі, абнаўленне Касцёла ў святле ІІ Ватыканскага Сабора, неабоднасць новай евангелізацыі, а таксама розныя сітуацыі звязаныя з сучаснай культурай. Усяго, за два дні працы кангрэгацый Калегіі Кардыналаў выступілі 33 пурпураты з усіх 5 кантынентаў. Кс. Ламбардзі адзначыў, што кардыналы не маюць абмежаванняў у часе і іх даклады працягваюцца столькі, колькі кожны лічыць патрэбным. Акрамя таго, ён расказаў, што пурпураты не спяшаюцца і жадаюць, каб іх падрыхтоўка была адпаведнай важнасці падзеі ў якой будуць прымаць удзел.

Кіраўнік Залы Друку адзначыў, што вечарам 6 сакавіка кардыналы збяруцца для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітвы нешпараў у ватыканскай базыліцы св. Пятра. Пурпураты заклікалі увесь Касцёл падтрымаць іх малітоўна.

Акрамя таго, езуіт расказаў, што колькасць журналістаў акрэдытаваных пры Апостальскай Сталіцы для асвятлення канклава павялічылася да амаль 5 тыс. чалавек. Імі прадстаўлены 65 краін і 24 мовы.









All the contents on this site are copyrighted ©.