2013-03-01 11:42:29

У Мінскай архікатэдры маліліся за Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 У дзень, калі Папа Бэнэдыкт XVI афіцыйна пакінуў Пасад св. Пятра, у Ватыкан з усяго свету прыходзілі весткі з добрымі словамі ў падрымку Пантыфіка. У баку не засталіся і католікі Беларусі. 28 лютага ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі вернікі сабраліся, каб памаліцца за Бэнэдыкта XVI. Св. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Апостальскі нунцый у Беларусі ўдзяліў апошняе благаслаўленне беларускім католікам ад імя Бэнэдыкта XVI і пажадаў назаўсёды захаваць яго ў сэрцы. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч параўнаў Папу з Маісеем, які вёў народ па пустыні. Іерарх нагадаў, што Пантыфік прымаў запрашэнне прыехаць у Беларусь – яго запрашалі не толькі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў, але і кіраўніцтва краіны, і ён быў удзячны за гэта. Па благаслаўленні Папы ў Беларусь прыязджалі Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ, старшыня Папскай рады «Cor Unum» кардынал Рабэр Сара, легат Папы кардынал Юзаф Томка, а таксама іншыя вядомыя іерархі з Ватыкана. Папа заўсёды памятаў пра Беларусь, не сумняваецца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Гэта рашэнне было нялёгкім для яго. Ён можа яшчэ вышэй узышоў на крыж, прымаючы гэтае рашэнне, бо сам сказаў у апошнія дні, што уздымаецца на гару, на гару малітвы, разважанняў, бо туды яго кліча Пан, кліча Бог, і ён далей будзе несці гэты крыж. Вядома, мы прывыклі ўжо, да Папы, які ўсміхаецца, які пра Беларусь гаварыў і заўсёды цікавіўся. Праз некалькі гадзін мы ўжо перастанем успамінаць яго ў Св. Імшы, як папу Бэнэдыкта XVI. У сваім трыптыху благаслаўлёны Ян Павел ІІ казаў, што кардыналы збяруцца ў Сікстынскай капэле і там Бог укажа, хто павінен несці гэты крыж далей. Мы молімся, каб гэта быў адпаведны чалавек для адпаведнага часу. Але мы ўспрымаем гэта як волю Бога і гэта робіцца для дабра Касцёла, таму молімся за гэтага папу і абранне новага”, - сказаў іерарх.

Гэта малітва з Беларусі ўльецца таксама ў раку малітваў падчас другога гістарычнага моманта – абрання новага Папы. А напрыканцы літургіі за Бэнэдыкта XVI вернікі і святары падзякавалі за яго служэнне і ўбачылі на экране ўрыўкі з яго яскравых прамоў і выступленняў.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.