28 лютага, у 20.00,
з пачаткам перыяду “sede vacante” камерленга, якім з’яўляецца кардынал Тарчызіа Бэртонэ,
запячатаў папскія апартаменты ў ватыканскім Апостальскім палацы. Аб гэтым расказаў
журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас брыфінгу, які адбыўся 1 сакавіка ў Зале
Друку Апостальскай Сталіцы. Журналістам было прапанавана таксама паглядзець чатыроххвілінны
відэазапіс гэтай падзеі падрыхтаваны Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам. Кіраўнік Залы
Друку паведаміў, што 1 сакавіка віцэ-камерленга апячатаў апартаменты Папы ў Латэранскім
палацы, а яшчэ 28 лютага, у 20.01, Дзяржсакратарат скіраваў пасланне да ўсіх папскіх
прадстаўнікоў, каб абвясціць пачатак перыяду “sede vacante”. Езуіт расказаў, што паразмаўляў
з арцыбіскупам Георгам Генсвайнам, асабістым сакратаром Бэнэдыкта XVI. Ён паведаміў,
што Папа, паглядзеў вячэрнія навіны па тэлебачанні і быў рады прысутнасці вялікай
колькасці вернікаў і пілігрымаў, якія сабраліся, каб развітацца з ім. Кс. Ламбардзі
падзякаваў прадстаўнікам СМІ за добра зробленую працу.
Арцыбіскуп Генсвайн
таксама падзяліўся з кіраўніком Залы Друку, што пасля вечары Бэнэдыкт XVI здзейсніў
кароткую прагулку па дворыку Апостальскага палацу ў Кастэль Гандольфа. Раніцай 1 сакавіка
ён цэлебраваў св. Імшу, а потым маліўся. Каля 16.00 Бэнэдыкт XVI запланаваў прагулку
па садах летняй рэзідэнцыі, падчас якой памоліцца ружанцовай малітвай. Кс. Ламбардзі
расказаў, што Папа ўзяў з сабой дыскі з любімай класічнай музыкай, а таксама некалькі
кніг, сярод якіх праца тэолага Ганса Урса Бальтазара “Тэалагічная эстэтыка”. Акрамя
таго, паводле апавядання арцыбіскупа Генсвайна, на працягу апошніх дзён Бэнэдыкт XVI
некалькі разоў граў на фартэпіяна.