2013-02-27 11:27:34

Радуйцеся дару быцця хрысціянамі


RealAudioMP3 “Я не пакідаю крыж, але застаюся побач з Укрыжаваным новым чынам”, - з такімі словамі звярнуўся да вернікаў Бэнэдыкт XVI падчас сваёй апошняй агульнай аўдыенцыі, якая 27 лютага адбылася на плошчы св. Пятра. У сваім звароце да прысутных Папа выразіў падзяку ўсім, хто быў побач з ім на працягу гадоў пантыфіката, заклікаў вернікаў радавацца вялікаму дару быцця хрысціянамі і яшчэ раз патлумачыў, што не пакідае Касцёл, але пачынае служыць яму новым чынам. Бэнэдыкт XVI падзяліўся, што заўсёды адчуваў падтрымку Бога, якому даверыўся ў выкананні служэння Наступніка св. Пятра 19 красавіка 2005 г. “Пан па-сапраўднаму кіраваў мною, быў побач са мной і я мог штодзённа адчуваць Яго прысутнасць”, - сказаў Святы Айцец. “Гэта была частка шляху Касцёла, у якой былі моманты радасці і святла, але таксама і цяжкасцяў; я адчуваў сябе, як св. Пётр і апосталы ў лодцы ў Галілейскім возеры: Пан падараваў нам шмат дзён поўных сонца і лёгкага ветрыку, дзён калі ўлоў быў вялікім; аднак былі моманты калі воды хваляваліся і дуў сустрэчны вецер, як і на працягу ўсёй гісторыі Касцёла і здавалася, што Пан спіць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што яго ніколі не пакідала ўпэўненасць ў тым, што ў гэтай лодцы знаходзіцца Пан, а таксама, што лодка Касцёла прыналежа менавіта Хрысту. “Гэта Ён яе вядзе, канешне праз людзей, якіх выбірае”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік нагадаў, што для таго, каб умацаваць веру ў Бога ў кантэксце, які спрабуе адсунуць яе на другі план, ён абвясціў Год веры. “Я б хацеў, каб кожны адчуваў радасць быцця хрысціянінам. Каб штодзённа, у прыгожай ранішняй малітве казаў: “Кланяюся Табе мой Божа і люблю Цябе ўсім маім сэрцам. Дзякую Табе за тое, што стварыў мяне і зрабіў хрысціянінам”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI расказаў, што асабліва на працягу апошніх дзён змог убачыць, што ён не адзін. “Папа прыналежа ўсім і многія людзі адчуваюць сябе вельмі блізка з ім”, - адзначыў Святы Айцец. Ён падзяліўся, што атрымлівае шмат лістоў, але “не толькі ад кіраўнікоў дзяржаваў, рэлігійных лідэраў ці прадстаўнікоў свету культуры”, але таксама “ад простых людзей, якія звяртаюцца да Папы як браты і сёстры, як сыны і дочкі, з адчуваннем вельмі блізкай сувязі”.

“Так можна ўбачыць, што такое Касцёл – гэта не арганізацыя, не асацыяцыя, якая пераследуе рэлігійныя ці гуманітарныя мэты, але жывое цела, супольнасць братоў і сясцёр ў Целе Езуса Хрыста, які аб’ядноўвае ўсіх. Адчуванне Касцёла такім чынам і магчымасць дакрануцца да сілы яго праўды і любові – гэта прычына радасці, у час калі ўсе кажуць аб яго заняпадзе”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI падзяліўся, што на працягу апошніх месяцаў адчуў, што яго сілы паменшыліся і таму ў малітве прасіў Бога асвяціць яго для прыняцця справядлівага рашэння, але не для ўласнага дабра, а дабра Касцёла. “Я зрабіў гэты крок у поўнай свядомасці яго цяжару і навізны, але таксама з глыбокім душэўным спакоем. Любіць Касцёл азначае таксама мець мужнасць, каб рабіць выбары цяжкія і балючыя, заўсёды думаючы пра дабро Касцёла, а не сваё ўласнае”, - сказаў Святы Айцец.

Папа патлумачыў, што з моманту абрання на пасад св. Пятра, Пантыфік не прыналежа самаму сябе, але назаўсёды прыналежа Касцёлу. “Заўсёды” і “назаўсёды” азначае, што больш немагчыма вярнуцца ў асабістае жыццё. Маё рашэнне адмовіцца ад выканання служэння, не адмаўляе гэтага. Я не вяртаюся да майго асабістага жыцця, да жыцця падарожжамі, сустрэчамі, канферэнцыямі і г.д. Я не пакідаю крыж, але застаюся побач з Укрыжаваным новым чынам. Я не выконваю больш абавязкаў звязаных з кіраваннем Касцёлам, але застаюся на малітоўнай службе, калі так можна сказаць, за агароджай св. Пятра. Св. Бэнэдыкт, імя якога я нашу, як Папа, будзе для мяне вялікім прыкладам гэтага. Ён нам паказаў шлях да жыцця, якое, як пасіўнае так і актыўнае, цалкам прыналежа Божай справе”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падзякаваў вернікам за павагу і разуменне з якім прынялі рашэнне такой важнасці. “Я буду працягваць суправаджаць шлях Касцёла малітвай і разважаннем, з той адданасцю Пану і яго Нявесце, з якой спрабаваў штодзённа жыць да гэтага дня і з якой хачу жыць заўсёды”, - сказаў Папа і заклікаў памятаць у малітве аб ім, а таксама кардыналах, якія павінны будуць выбраць новага Наступніка св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.