2013-02-25 15:39:11

Папа хоча вырашыць усе пытанні перад сваім сыходам


RealAudioMP3 Кс. Ламбардзі расказаў пра важныя актуальныя падзеі ў Апостальскай Сталіцы
падчас сустрэчы з журналістамі, якая прайшла 25 лютага. Па-першае іерарх адзначыў, што Камісія кардыналаў, якая была створана для раследвання ўцечкі дакументаў Святога Пасаду, пасля сённяшняй сустрэчы з Бэнэдыктам XVI, спыняе сваю дзейнасць. Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што ў час падрыхтоўкі да канклаву, кардыналы будуць мець магчымасць для таго, каб абмяркаваць розныя праблемы ў тым ліку звязаныя з гэтай сітуацыяй. У такіх умовах, члены Камісіі змогуць даць іншым кардыналам карысныя рэкамендацыі для яе ацэнкі.

Іншай тэмай, якую закрануў кс. Ламбардзі была адстаўка кардынала Кейта О’Браена з пасады кіраўніка Эдынбургскай дыяцэзіі. “Гэта рашэнне не мае нічога супольнага з тым, што іерарх з’яўляецца кардыналам-выбаршчыкам”, - адзначыў кс. Ламбардзі і дадаў, што Святы Айцец хоча ўпарадкаваць усе пытанні, над якімі разважаў, яшчэ перад пачаткам перыяду “sede vacante”, каб не пакідаць іх свайму наступніку.

На прэс-канферэнцыі прысутнічаў таксама арцыбіскуп П’ер Луіджы Чэлата, віцэ-камерленга Рымскага Касцёла. Ён патлумачыў змест “motu proprio” Бэнэдыкта XVI аб зменах у парадак правядзення канклаву. Між іншым іерарх адзначыў, што паводле рашэння Бэнэдыкта XVI прысягу аб нераскрыцці таямніцаў звязаных з абраннем Папы, павінны будуць даваць таксама і два тэхнікі, які, ўласна, будуць сачыць за тым, каб таямніца канклава не была раскрыта. Акрамя таго, паводле новага дакументу Святога Айца, працэсія з капліцы св. Паўла да Сікстынскай капэлы будзе больш урачыстай.








All the contents on this site are copyrighted ©.