Пачатак пантыфікату будзе адзначаны зменамі ў абрадах
18 лютага Бэнэдыкт
ХVI зацвердзіў некаторыя змены ў “Ordo rituum pro ministerii Petrini initio Romae
Episcopi”, - рытуале, які змяшчае парадак цэлебрацый на пачатак служэння новаабраных
Пантыфікаў. Кс. прэлат Гвіда Марыні, кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый,
паясніў у інтэрв’ю сённяшняй “L’Osservatore Romano”, што змены датычаць галоўным чынам
інаўгурацыі новага Біскупа Рыма, якая звычайна адбываецца на плошчы св. Пятра, і яго
ўваходу на Пасад св. Пятра ў базыліцы св. Яна на Латэране. З гэтага моманту ўсе тыповыя
для гэтых абрадаў жэсты будуць здзяйсняцца па-за самой цэлебрацыяй св. Імшы і адбудуцца
ў асноўным перад ёй. Папскі цэрымонімайстар удакладніў, што “акт паслушэнства” будуць
здзяйсняць усе кардыналы, прысутныя на інаўгурацыйнай цэлебрацыі.
Паводле
кс. Марыні, таксама наступілі некаторыя змены ў часе візіту новага Папы ў двух рымскіх
базыліках: св. Паўла за Мурамі і Санта Марыя Маджорэ. Цяпер новы Пантыфік можа наведаць
іх у найбольш спрыяльны для яго момант, нават па прашэсці значнага перыяду пасля свайго
абрання і ў форме, якую палічыць найбольш адпаведнай, - адзначыў кіраўнік Службы папскіх
літургічных цэлебрацый.