2013-02-23 13:40:07

Дзяржсакратарыят Святога Пасаду заклікае не ціснуць на кардыналаў


RealAudioMP3 Дзяржсакратарыят Святога Пасаду зрабіў заяву ў сувязі з выбарамі новага Пантыфіка. У ёй нагадваецца аб свабодзе Калегіі кардыналаў, якая з’яўляецца гарантыяй выбару, заснаванага на дабры Касцёла. Дзяржаўны сакратарыят нагадвае, што на працягу стагоддзяў кардыналы сутыкаліся з рознымі формамі ціску на асобных выбаршчыкаў і на Калегію ўцэлым, што мела на мэце прымусіць пурпуратаў карыстацца палітычнымі прынцыпамі або логікай гэтага свету.

Калі ў мінулым у гэтай ролі выступалі нейкія звышсілы, у тым ліку дзяржавы, зараз існуюць спробы ўвесці ў гульню вагу грамадскай думкі, часта на аснове ацэнак, якія не адлюстроўваюць тыповы духоўны аспект часу, які перажывае Касцёл. Дзяржсакратарыят шкадуе, што ў час набліжэння канклаву памнажаецца колькасць інфармацыі неправеранай або той, якая не паддаецца праверцы, ці нават ілжывай, якая прыносіць сур’ёзную шкоду людзям і ўстановам.

У такія моманты католікі асаблівым чынам пакліканы засяродзіцца на тым, што важна: маліцца за папу Бэнэдыкта XVI, маліцца, каб Святы Дух асвяціў Калегію кардыналаў, маліцца за будучага Папу, верачы, што лёс лодкі св. Пятра знаходзіцца ў руках Бога, гаворыцца ў паведамленні Дзяржсакратарыяту Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.