2013-02-22 11:02:17

Святы Пасад заклікаў ААН прыкласці больш намаганняў для вырашэння сітуацыі ў Сірыі


RealAudioMP3 800 тыс. бежанцаў з Сірыі ў мінулым годзе і ўжо 300 тыс. у бягучым – гэта прыкладныя дадзеныя ААН, сабраныя ў краінах, прымаючых уцекачоў: Ліване, Іарданіі, Турцыі, Іраку і Егіпце. Драматызму гэтым лічбам дадае той факт, што 80% бежанцаў складаюць жанчыны і дзеці. У Сірыі сітуацыя з дня ў дзень становіцца ўсё больш і больш безвыходнай. Не толькі цывільныя асобы, але і параненыя не могуць разлічваць на разуменне з боку ваюючых груповак. Нават бальніцы сталі мішэнню – больш за палову з іх былі пашкоджаны, а адна траціна выведзена з эксплуатацыі.

У офісе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе ў мінулыя дні адбылася нарада па гуманітарнай сітуацыі ў Сірыі. Аднак, апроч аналізу фактаў і лічбаў, не быў дадзены адказ на найбольш фундаментальныя пытанні аб тым, чаму няма палітычнай волі, каб спыніць хвалю радыкальнага насілля ў апошнія два гады ў гэтай краіне. Гэта адзначыў арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў структурах ААН у Жэневе, падчас свайго выступлення на нарадзе.

“Міжнародная супольнасць павінна стварыць палітычныя ўмовы для дыялогу з усімі зацікаўленымі бакамі - сказаў ватыканскі дыпламат. - Гэта павінна быць зроблена такім чынам, каб прадухіліць канфлікт, які доўжыцца ўжо два гады. Калі насілле працягне трываць, апазіцыйныя да ўраду групоўкі разам з фундаменталістамі будуць набываць усё большае значэнне. І настолькі чаканая дэмакратычная будучыня Сірыі, асабліва з удзелам усіх меншасцяў, уключаючы хрысціян, стане сумнеўнай. Таму справа вельмі тэрміновая, каб міжнародная супольнасць, і асабліва сілы, якія маюць прамыя інтарэсы ў рэгіёне, селі за стол і распрацавалі рашэнне, якое б спыніла насілле і па крайняй меры ініцыявала палітычныя рашэнні”, - заклікаў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.







All the contents on this site are copyrighted ©.