2013-02-22 10:35:54

Ватыканскія кардыналы аб Бэнэдыкце XVI


RealAudioMP3 Рымская курыя з’яўляецца адной з найменш карумпаваных і самых празрыстых інстытутаў у свеце, лічыць кардынал Хуліан Эранс. Іспанскі пурпурат узначальваў камісію кардыналаў, якая па загадзе Папы, павінна была высветліць справу “Vatileaks”. У інтэрв’ю газеце “El País”, ён абверг чуткі пра тое, што адстаўка Папы можа быць звязана з інтрыгамі ў Курыі. Іншы ватыканскі пурпурат, французскі кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, дзелячыся сваімі разважаннямі пасля абвяшчэння Святым Айцом аб адстаўцы, звярнуў увагу на неацэнены ўклад Бэнэдыкта XVI ва ўдакладненне прынцыпаў дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігій, асабліва ісламам.

“Я спадзяюся, што міжканфесійны дыялог будзе адным з прыярытэтаў будучага Папы - сцвердзіў кардынал Таран. - Бэнэдыкт XVI зрабіў для гэтых адносін вельмі шмат, асабліва для мусульман. Ён наведаў тры мячэці і скіраваў важныя прамовы, заўсёды клапаціўся пра тое, каб дыялог быў лаяльны, поўны павагі, і ў той жа час не ствараючы мітусні, без рэлятывізму і сінкрэтызму. Бэнэдыкт XVI з’яўляецца Папам усяго гэтага, вось што істотна”, - дадаў ватыканскі іерарх.

Паводле кардынала Тарана, Пантыфік дапамог нам нанова адкрыць для сябе нашы духоўныя карані, веру спалучаць з розумам, быць адказнымі ў веры. “Такая пастава перадаецца іншым”, - лічыць ён. “Бэнэдыкт XVI з’яўляецца не толькі інтэлектуалам, але і містыкам. Яго казанні вельмі тэалагічныя, але яны таксама маюць містычную крыніцу. Бэнэдыкт XVI шмат моліцца. Не хваліцца гэтым, але сапраўды шмат моліцца”, - падзяліўся старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.







All the contents on this site are copyrighted ©.