2013-02-21 10:13:55

Рым будзе біць ва ўсе званы на развітанне з Папам


RealAudioMP3 Касцёлы Рымскай дыяцэзіі развітаюцца з Бэнэдыктам XVI гучаннем званоў, і такім жа чынам яго прывітае Кастэль-Гандольфа. У Рыме яны загучаць у момант адлёту Святога Айца на верталёце з Ватыкана, а ў летняй рэзідэнцыі, падчас прызямленне Папы. Аб гэтым паведаміў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Біскуп Альбана Марчэла Сэмерана. Менавіта на тэрыторыі яго дыяцэзіі знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Рымскіх Пантыфікаў, у якую 28 лютага, на некалькі месяцаў, пераедзе Бэнэдыкт XVI.Біскуп Сэмерана адзначыў, што вернікі дыяцэзіі Альбана будуць духоўна падтрымліваць Святога Айца. Многія з жыхароў навакольных мястэчак здзейсняць пешую пілігрымку ў Кастэль Гандольфа. На вечар 28 лютага ў Кастэль Гандольфа запланавана малітоўнае чуванне, удзельнікі якога будуць разважаць над навучаннем Бэнэдыкта XVI. Іерарх падзяліўся таксама, што Папа, па прыбыцці ў рэзідэнцыю, выйдзе, каб прывітаць вернікаў. “Гэта для нас вялікі прывілей”, - сказаў ён.

Біскуп Сэмерана адзначыў, што жыхары Кастэль-Гандольфа з вялікай павагай і любоўю адносяцца да Бэнэдыкта XVI. Ён нагадаў, што на цэнтральнай плошчы гэтага мястэчка была размешчана памятная дошка са словамі Пантыфіка, прамоўленымі ў ліпені 2011 г.: “Я тут знаходжу ўсё. Бачу горы, бачу мора, бачу возера і добрых людзей. Я вас благаслаўляю ў імя Пана”.








All the contents on this site are copyrighted ©.