2013-02-20 16:09:55

Кардынал Каспер аб будучым Папе і патрэбах Касцёла


RealAudioMP3 Магчыма, што мы не хутка будзем мець Папу з такім інтэлектуальным і духоўным узроўнем, як у Бэнэдыкта XVI. Такое меркаванне выказаў удзельнік будучага канклаву кардынал Вальтэр Каспер. Іерарх на працягу доўгіх гадоў быў старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У інтэрв’ю італьянскай “Corriere della sera” ён адзначыў, што Бэнэдыкт XVI увойдзе ў гісторыю перш за ўсё дзякуючы намаганням па ўмацаванні веры Касцёла. Кардынал Каспер падкрэсліў, што Папа пакідае вялізарную і багатую спадчыну. Будучы Пантыфік, паводле іерарха, павінен быць чалавекам веры і моцнай духоўнасці, чалавекам, які мае харызму і зможа павесці за сабой вернікаў, сапраўдным пастырам для людзей, але таксама пастырам, здольным кіраваць Касцёлам. Ён павінен ведаць Паўсюдны Касцёл. Не дастаткова ведаць толькі адну краіну ці асаблівую дыяцэзію”, - адзначыў кардынал Каспер.

Гаворачы аб неабходных рэформах у Рымскай курыі, кардынал Каспер адзначыў, што на сённяшні дзень ёсць патрэба ў лепшай арганізацыі, якая дазволіць адказваць на выклікі нашага часу. “Неабходна лепшае супрацоўніцтва паміж дыкастэрыямі, больш калегіяльнасці і камунікацыі. Часта правая рука не ведае, што робіць левая!”, - сказаў ён і дадаў, што асаблівым чынам неабходна паразважаць аб працы сінодаў, таму што многія біскупы не задаволены тым, як яны праходзяць. Прычына гэтага часта заключаецца ў тым, што іх тэмы “вельмі агульныя” і не тычыцца тэрміновых праблем Касцёла. Кардынал Каспер прывёў прыклад апошняга Сінода па новай евангелізацыі. Паводле яго, праблема была актуальнай, але ў той жа час, яе вырашэнне на розных кантынентах адрозніваецца. “Трэба разглядаць канкрэтныя сітуацыі”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.