2013-02-18 11:02:43

Кардынал Равазі параўнаў Папу з Майсеем


RealAudioMP3 Кардынал Равазі параўнаў Бэнэдыкта XVI з Майсеем, які ўзыходзіць на гару, каб маліцца за ізраільскі народ, у той час, як апошні, унізе, вядзе барацьбу супраць амалікіцянаў. Такі біблійны вобраз старшыня Папскай рады па культуры выкарыстаў у першы дзень рэкалекцый для супрацоўнікаў Рымскай курыі, якія ён праводзіць. Духоўныя практыкаванні пачаліся 17 лютага ў капліцы “Redemptoris mater” у Апостальскім палацы. Іерарх, параўнаўшы Папу са старазапаветнай асобай, патлумачыў будучую ролю Бэнэдыкта XVI у жыцці Касцёла – малітоўную і заступніцкую. Касцёл, паводле яго, уяўляе сабой вобраз ізральскага народа, які прабывае у “даліне” на змаганні з варожым племенем – у месцы дзе прысутнічаюць пыл і страхі, але і надзея, якая грунтуецца на ўпэўненасці ў малітоўнай падтрымцы. “Мы будзем ведаць, што на гары ён заступаецца за нас”, - сказаў кардынал.

Пурпурат заклікаў удзельнікаў рэкалекцый стварыць пасярод сябе духоўную цішыню, вызваліўшыся ад шуму штодзённасці. “Я думаю, што таксама і для нас рэкалекцыі будуць маленькім вызваленнем душы ад часовых рэчаў, бруду граху, пяску банальнасці, крапівы беззмястоўных размоваў, якія асабліва ў гэтыя дні бесперапынна займаюць нашы вушы”, - сказаў ён.

У цэнтры разважанняў рэкалекцыяніста былі чатыры дзеясловы, якія характарызуюць малітву: дыхаць, думаць, змагацца і любіць. Малітва неабходна чалавеку, як паветра. Праз яе вернік пазнае Бога. Малітва можа быць для чалавека і змаганнем, асабліва ў складаных сітуацыях. Яна ж з’яўляецца сустрэчай двух любячых асоб, якія ў цішыні сузіраюць адна адну, звярнуў увагу кардынал Равазі.

Рэкалекцыі ў Ватыкане працягнуцца да суботы 23 лютага.








All the contents on this site are copyrighted ©.